Свята дзяцінства

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у клубных установах і бібліятэках прайшлі мерапрыемствы для хлопчыкаў і дзяўчынак.

На адкрытай пляцоўцы каля Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу адбылося свята «У краіне дзяціства». Для рабят прайшлі вясёлыя конкурсы, гульні і эстафеты. Удзельнікі эстраднай студыі, тэатральнага калектыву клубнай установы і вучні Ружанскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі яркую канцэртную праграму, а шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі і моладдзю зладзіў спаборніцтвы і конкурсы.

Белавусаўшчынскі сельскі клуб-бібліятэка запрасіў мясцовых рабят на свята «Няхай дзяцінства звонкае смяецца».

Кляпацкі сельскі Дом культуры сумесна з сельскай бібліятэкай правялі гульнявую праграму для дзецей, якія прадэманстравалі моц, хуткасць, знаходлівасць і кемлівасць падчас розных конкурсаў.

Гульнявую праграму «Вясёлка планеты дзяцінства» зладзіў Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка. У ёй прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў, якія разам гулялі, спявалі, малявалі, весяліліся.

Калядзіцкі сельскі Дом культуры з сельскай бібліятэкай запрасілі юных вяскоўцаў на гульнявую праграму «Гарадок шчаслівых дзяцей». Рабяты адправіліся ў госці на імправізаваную кветкавую паляну, дзе разам з мультыплікацыйнымі героямі пчолкай Маяй, бабай Капай і Пчаляром, ролі якіх выканалі работнікі культуры, удзельнічалі ў актыўных гульнях і конкурсах.

Свята «Дзяціства – гэта я і ты» з гульнямі і танцамі прапанаваў Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры. А удзельнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Мара» і эстраднай студыі «Мелодыка», якія працуюць у клубнай установе, паўдзельнічалі ў раённым свяце дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху» ў Пружанах.

Роўбіцкі сельскі клуб-бібліятэка правёў конкурсную праграму «Настрой – дзяцінства».

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий