Разнастайнасцю вылучаліся мерапрыемствы, прапанаваныя ўстановамі культуры да Міжнароднага дня сям’і.
У Мураўскім сельскім Доме культуры адбылася гульнявая праграма «Я і мая сям’я». Дзеці адказалі на цікавыя пытанні, адгадалі загадкі, намалявалі дом сваёй мары. Члены аматарскага аб’яднання «Натхненне», якое працуе ў клубнай установе, зрабілі сумесны прагляд мастацка-дакументальнай стужкі «Мамино письмо», пасля чаго абмеркавалі яе. У размове прыняў удзел настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці аг.Мурава Уладзімір Жэлянгоўскі.
На конкурсна-гульнявую праграму «Вялікі цуд – сям’я» вучняў малодшых класаў запрасіла Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка.
Віншаванні шматдзетных сем’яў, якія жывуць у пасёлку, зладзіў Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу.
А вучні выяўленчага аддзялення Шарашоўскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі да Дня сям’і тэматычную выставу сваіх творчых работ.
Музей-сядзіба Пружанскі палацык і Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Усёй сям’ёй у музей!», падчас якой шматдзетныя сем’і маглі наведаць музеі бясплатна.