Аддзел нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва (аўтаклуб) Пружанскага раённага цэнтра культуры падараваў шмат прыемных святочных хвілін жыхарам раёна. Так, работнікі культуры разам з творчымі калектывамі і салістамі правялі мітынгі і канцэрты ў в.Папялёва (Сухопальскі сельсавет) і аг.Лыскава (Зеляневіцкі сельсавет). Таксама яны завіталі з віншаваннямі да былога вязня фашысцкіх канцлагераў В.В.Крэчка (в.Магілёўцы).
Да 9 Мая ў гуртку “Умелыя ручкі” Мураўскага сельскага Дома культуры прайшоў конкурс малюнкаў “Вялікая Перамога”. Таксама ў клубнай установе адбылася гутарка “Бессмяротная слава Вялікай Перамогі”. У ёй прынялі ўдзел падлеткі, якія наведваюць аматарскае аб’яднанне “Натхненне”. Падчас мерапрыемства юнакі і дзяўчаты нагадалі асноўныя вехі ўсенароднай барацьбы з фашызмам і даведаліся гісторыі аднавяскоўцаў, якія унеслі свой уклад у Перамогу.
Бібліятэчная сістэма раёна таксама зладзіла шэраг мерапрыемстваў да дзяржаўнага свята – Дня Перамогі.
Так, у Варанілавіцкай сельскай бібліятэцы-клубе адбылася інфармацыйная гадзіна “Узнагароды Вялікай Айчыннай вайны”.
На гадзіну гісторыі “Давайце успомнім аб вайне” запрасіла дзяцей Кляпацкая сельская бібліятэка. Рабяты даведаліся аб падзеях вайны на Пружаншчыне, земляках – Героях Савецкага Саюза, а таксама пазнаёміліся з кніжнымі выставамі “Скрозь гады звініць Перамога” і “Шляхі-сцяжынкі франтавыя”.
Мокраўская сельская бібліятэка правяла для вучняў пачатковых класаў мясцовай сярэдняй школы гадзіну памяці “Франтавыя подзвігі нашых землякоў”.