Вясновыя напевы

У канцы красавіка ў Брэсце ў выставачнай зале на вул.Савецкай адбылося адкрыццё Першай абласной выставы майстроў народнай творчасці «Вясновыя напевы». Гэта мерапрыемства стала яркай падзеяй, якая падкрэсліла багацце беларускай народнай творчасці. На выставе было прадстаўлена 230 работ 30 майстроў Брэстчыны, у тым ліку пружанак – народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Мікалаеўны Кулецкай і Веры Віктараўны Волчык.

Наведвальнікам прэзентаваны разнастайныя вырабы: аўтэнтычны роспіс яек, ручное ткацтва паясоў, ганчарства, роспіс на шкле, вязанне кручком, выцінанка, вышыўка, разьба па дрэве, пляценне з саломкі і лазы і інш. Кожная з работ адлюстроўвае глыбокія традыцыі і мастацкія асаблівасці беларускага народнага мастацтва, а таксама індывідуальны стыль і творчы падыход аўтараў.

У рамках адкрыцця выставы старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута ўручыў Веры Волчык членскі білет «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці». Гэта прызнанне стала важным крокам у яе кар’еры і стымулам для далейшай дзейнасці.

Першая абласная выстава майстроў народнай творчасці «Вясновыя напевы» – сапраўднае свята для ўсіх аматараў народнага мастацтва. Пазнаёміцца з выставай можна ў выставачнай зале на вул.Савецкай ў Брэсце да 11 мая 2025 г.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий