30-годдзе з дня стварэння нядаўна адзначыў народны духавы аркестр Пружанскага раённага цэнтра культуры. Да гэтай знакавай юбілейнай даты вядомы ў раёне і далёка за яго межамі творчы калектыў падрыхтаваў вялікую канцэртную праграму “Сусветныя хіты”, якую прадставіў гледачам на сцэне Палаца культуры. Трэба адзначыць, што вялікая зала ледзь умясціла ўсіх аматараў духавой музыкі і творчасці аркестра, якія пажадалі далучыцца да святочнага мерапрыемства.
Калектыў аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій, шэраг яго ўдзельнікаў іграюць у аркестры з дня заснавання. Духавы аркестр пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку і захоўвае лепшыя тардыцыі, закладзеныя папярэднікамі. Менавіта гэтыя складальнікі з’яўляюцца асновай дзейнасці музыкантаў-адзінадумцаў, садзейнічаюць захаванню папулярнасці калектыву.
У канцэртнай праграме прагучалі вядомыя кампазіцыі гуртоў “Linkin Park”, “Nirvana”, “Deep Purple”, “Кароль і Шут”, “Сектар Газа” і інш.
Народнаму духавому аркестру за шматгадовую плённую працу была ўручана Грамата Пружанскага райвыканкама. Граматай аддзела культуры райвыканкама быў адзначаны кіраўнік аркестра Віктар Матчэня, Падзякай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі – дырыжор Яраслаў Топчый. Усе удзельнікі аркестра атрымалі граматы Пружанскага раённага цэнтра культуры.
З юбілеем, народны духавы аркестр!