Шлях да музыкі

Нядаўна ў Ліноўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшла традыцыйная вечарына “Пасвячэнне ў юныя музыканты”.

У гэтым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі займаюцца 17 першакласнікаў, якім ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці педагогаў, бацькоў, родных і сяброў былі ўручаны сімвалічныя дыпломы “Юны музыкант” і падарункі ад старшакласнікаў.

Разам з маленькімі музыкантамі на сцэне ўвесь час былі героі мультфільмаў, ролю якіх выканалі вучні ўстановы, – Чабурашка і Шапакляк. Яны падтрымлівалі выступоўцаў, праводзілі конкурсы і гульні.

Кожны першакласнік разам са сваім настаўнікам падрыхтаваў і прадставіў гледачам музычны нумар. Таксама ў святочнай праграме прынялі ўдзел творчыя калектывы вучняў, якія плённа працуюць у школе мастацтваў: ансамбль трубачоў, квартэт “Гукі з меха”, ансамбль дамрыстаў “Трэба ж”, вакальны ансамбль “Ліновачка”.

У фінале гэтага прыгожага мерапрыемства першакласнікі прынеслі “Клятву юнага музыканта” і праспявалі песню аб любові да музыкі.

Сцэнарыст і вядучы мерапрыемства – настаўнік Наталля Аляксандраўна Нікітчык.

У добры шлях, юныя музыканты! Сябруйце з музыкай!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий