Напярэдадні знамянальнай даты – 80-годдзя Вялікай Перамогі – Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма расчыніла свае дзверы для ўдзельнікаў штогадовай акцыі «Бібліяпрыцемкі». У гэтым годзе тэмай мерапрыемства, якое мела назву «Памяць нашай Перамогі», сталі падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля ўступнага слова дырэктара ўстановы культуры Таццяны Гуторкінай сустрэчу прадоўжыў настаяцель храма Узвіжання Крыжа Гасподня в.Аранчыцы Аляксандр Мялешка, які ўзгадаў знакавасць падзеі і выканаў вядомую песню «Жураўлі».
Наступным этапам свята стала прэзентацыя кніжнай выставы «У сэрдцы кожнага – Перамога!». На ёй быў прадстаўлены шырокі спектр літаратуры аб вайне: ад дакументальных сведчанняў і гістарычных даследаванняў да мастацкіх твораў. Асаблівая ўвага была звернута на адлюстраванне наступальнай аперацыі «Баграціён», якая завяршыла вызваленне Беларусі летам 1944 г.
У чытальнай зале прайшоў бібліядартс «Чытаць. Ведаць. Памятаць», падчас якога можна было прадэманстраць веданне кніг аб вайне. Аматары мастацкіх фільмаў завіталі на гадзіну патрыятызму «Векапомнае праз кінакадр».
Завяршылася мерапрыемства відэакараоке «Песні Перамогі». Прысутныя не толькі разам спявалі знакамітыя песні ваенных гадоў, але і даведаліся шмат фактаў з гісторыі іх стварэння.
Бібліяпрыцемкі «Памяць нашай Перамогі» сталі яркім напамінам аб важнасці захавання гістарычнай памяці і выхавання патрыятызму, пачуцця гонару за сваю Радзіму.