21 красавіка ў рамках рэспубліканскай акцыі «Кветкі Перамогі» ў Пружанах адбыўся шэраг знакавых падзей.
Так, каля помніка летчыку С.М.Гудзімаву ў скверы на вул.Чырвонаармейскай прайшоў мітынг, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас мерапрыемства была ўрачыста адкрыта абноўленая Алея Памяці «Іх імёнамі названы вуліцы горада», устаноўлена інфармацыйная дошка з QR-кодам. Да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч і першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ю.С.Сегянюк. Мітынг быў падрыхтаваны Пружанскім раённым цэнтрам культуры: вядучы – метадыст В.М.Краўчук, музычныя нумары – узорная эстрадная студыя «Меладзін».
Падчас акцыі ў Палацы культуры таксама быў прадстаўлены канцэрт вакальна інструментальнага ансамблю «Арлы над Бугам» 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.