5 кастрычніка 2021 года 70-гадовы юбілей будзе адзначаць Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна Іраіда Вітальеўна Багамолава – наша калега, выдатны чалавек і педагог, майстар сваёй справы.
Іраіда Вітальеўна аддала працы ў сістэме адукацыі ў сферы культуры 45 год. Уся яе працоўная біяграфія, з 1970 па 2015 гады, была звязана з Дзіцячай школай мастацтваў імя Р.Р.Шырмы, у якой яна вучыла дзяцей ігры на домры, а таксама ўзначальвала струнна-народнае аддзяленне ўстановы.
Пад яе кіраўніцтвам у 1972 годзе пры раённым Доме культуры з ліку выкладчыкаў музычнай школы быў створаны аркестр рускіх народных інструментаў, які ў 1982 годзе атрымаў званне «народны». Дарэчы, гэта быў першы творчы калектыў Пружаншчыны, якому было нададзена такое высокае званне. Дзіцячы аркестр рускіх народных інструментаў, таксама арганізаваны І.В.Багамолавай у 1974 г. (зараз – аркестр народных інструментаў «Скоморошина»), у 1992 г. быў удастоены звання «ўзорны».
У 1989 годзе з настаўнікаў школы ўтварыўся новы калектыў – ансамбль народных інструментаў, якім да 2015 года кіравала Іраіда Багамолава. У 1998 годзе яму таксама было нададзена званне «народны». Сёння гэты ансамбль называецца «Пружанскі палацык».
І.В.Багамолава шмат увагі надавала музычнаму і эстэтычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў, іх прафесійнай арыентацыі. Неаднаразова юныя музыканты, якія вучыліся ў Іраіды Вітальеўны, перамагалі ў конкурсах рознага ўзроўню, абіралі музыку сваёй прафесіяй.
За перыяд сваёй працоўнай біяграфіі Іраіда Вітальеўна атрымала больш за 20 ганаровых грамат, падзяк, дыпломаў. У 1983 годзе Іраіда Багамолава была ўзнагароджана знакам Міністэрства культуры СССР і Цэнтральнага Камітэта прафесійных саюзаў работнікаў культуры СССР «За достижения в самодеятельном художественном творчестве». У верасні 2021 года ёй прысвоена званне Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна.
Ад усёй душы віншуем Іраіду Вітальеўну Багамолаву з гэтым званнем, а таксама прафесійнымі святамі – Днём музыкі, Днём настаўніка, Днём работнікаў культуры і надыходзячым юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, міра і любові, радасці і аптымізму.
Аддзел культуры Пружанскага райвыканкама