Да знакавай даты – 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў адкрылася персанальная выстава карцін Дзіны Мікалаеўны Грушэўскай «Ніколі не забудзем». На ёй прадстаўлены цыкл работ – ілюстрацый да кнігі ўспамінаў беларускіх дзяцей аб вайне.
У музеі ўжо стала добрай традыцыяй адкрываць персанальныя выставы мастакоў з удзелам аўтараў. На гэты раз на творчую сустрэчу з Дзінай Грушэўскай (г.Лунінец) завіталі адзінаццацікласнікі Ружанскай сярэдняй школы імя К.Марача, жыхары пасёлка. Падчас мерапрыемства мастак расказала аб сабе, сваёй творчасці, серыі работ, прадстаўленай на выставе. Таксама Дзіна Мікалаеўна правяла экскурсію, падрабязна спыніўшыся на гісторыі стварэння кожнай з карцін.
Выстава работ Дзіны Грушэўскай «Ніколі не забудзем» будзе працаваць у музеі да 1 чэрвеня 2025 года.