У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 260-годдзю з часу стварэння тэатра ў Ружанах.
Навуковы супрацоўнік Алена Паляшчук правяла для вучняў 6 «А» класа Ружанскай сярэдняй школы імя К.Марача музейна-педагагічны занятак «Тэатр у Ружанах: мінулае і мары», а вучняў 7 «Б» класа – лекцыю «Тэатр у чэшскім Крумлаве – прататып тэатра ў Ружанскім палацы».
Падчас музейных сустрэч рабяты даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі малой радзімы.
Пасля набыцця Ружан у 1598 г. Леў Сапега стварыў тут галоўную рэзідэнцыю. У 1633 г. у мясцовым Троіцкім косцёле з’явіўся арган. Развіццё капэльных спеваў пашырыў Казімір Леан Сапега. У 1752 г. пры Масальскіх у замку пачаліся першыя спектаклі ў «музычнай зале». Там жа выступалі капэла і аркестр. У 1765 г. трупа налічвала 60 чал., у т. л. 40 музыкантаў. Аляксандр Міхал Сапега збудаваў у палацы асобны корпус тэатра з шыкоўнай сцэнай, залай для гледачоў, ложамі і манежам. Аб знешнім выгладзе ружанскага тэатра можна меркаваць па выявах тэатра ў Крумлаве (Чэхія), на які сапегаўскі быў вельмі падобны. Рабяты таксама даведаліся аб работах па рэстаўрацыыі палацавага комплексу, у тым ліку тэатральнага корпусу.