На мінулым тыдні чытачы бібліятэк завіталі на цікавыя сустрэчы.
Кляпацкая сельская бібліятэка запрасіла выхаванцаў дзіцячага сада на свята кнігі «Падарожжа ў Кніжнае царства». Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з працай бібліятэкі, яе фондамі, даведаліся, як вясці сябе ва ўстанове, выканалі розныя заданні.
Экскурсія-знаёмства «Бібліятэка – дом кніг» для вучняў мясцовай сярэдняй школы прайшла ў Магілявецкай сельскай бібліятэцы. Пасля займальнага знаёмства дзеці запісаліся ў бібліятэку і ўзялі кінгі да чытання дома.
На экалагічную гадзіну «Зямля ў нас адна – другой не будзе ніколі» завіталі школьнікі ў Ліноўскую сельскую бібліятэку. Дзеці паразважалі над праблемамі планеты і неабходнасцю беражлівых адносін да яе, адказалі на пытанні віктарыны.
Ружанская гарпасялковая бібліятэка для прышкольнага лагера правяла гульню «Што дапамагае і што перашкаджае сябраваць?». Рабяты ўспомнілі прыказкі аб сябрах, адгадалі загадкі, адказалі на нестандартныя пытанні. Дарослай аўдыторыі бібліятэка прапанавала літаратурна-музычны кактэйль «Свечы. Музыка. Вершы», прысвечаны Сусветнаму дню паэзіі. На мерапрыемстве пагаварылі аб гісторыі з’яўлення свечак, пачыталі вершы. Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандр Сень расказаў аб духоўнай ролі свечкі, адказаў на пытанні прысутных.