Пружанскі раён адсвяткаваў 85-годдзе

18 студзеня ў вялікай зале гарадскога Палаца культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю ўтварэння Пружанскага раёна.

Да гэтай знакавай даты работнікамі сферы культуры была праведзена вялікая работа.

На ўваходзе ў Палац культуры ўсіх гасцей сустракаў народны духавы аркестр. У фае працавала тэматычная выстава Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства маглі пазнаёміцца з фотаэкспазіцыяй, прысвечанай 30-годдзю інстытута Прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь, і выставай дзіцячых малюнкаў, прадстаўленых на раённы конкурс. Жадаючыя фатаграфаваліся ў новай фотазоне. Перад урачыстай часткай мерапрыемства гадзінную канцэртную праграму прадставілі калектывы са званнем «народны», якія працуюць у дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р.Шырмы – струнны ансамбль «ARCHI» і ансамбль народных інструментаў.

Падчас асноўнай часткі ўрачыстасці ўсіх прысутных са знакавай падзеяй павіншаваў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён уручыў граматы і падзякі працаўнікам розных галін. Падчас свята чатыры прадстаўнікі Пружаншчыны атрымалі званні «Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна», сярод іх – народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая, якая, дарэчы, стала другім работнікам сферы культуры пасля Іраіды Багамолавай, якой было нададзена такое званне ў 2021 г. Таксама прагучалі віншаванні ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца.

Вядучыя мерапрыемства – Аксана Кавалевіч, Ганна Жук, Вячаслаў Краўчук і Юрый Ліпіч – расказалі аб станаўленні і развіцці раёна ад яго заснавання ў 1940 годзе да сённяшняга дня. Гледачам была прадстаўлена насычаная фота- і відэаматэрыяламі прэзентацыя, створаная работнікамі сферы культуры.

Захапленне ў гледачоў, якіх ледзь умясціла зала Палаца культуры, выклікала канцэртная праграма раённага цэнтра культуры і рэтра-вумен трыа «Розовые розы».

Падрабязней па спасылцы

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий