Шчодры вечар добрым людзям

“Добры вечар, шчодры вечар, добрым людзям на здароўе!” – такімі словамі традыцыйнай абрадавай песні пачалі свае віншаванні напярэдадні старога Новага года ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Карагод” (кіраўнік Вольга Гардзейчык) Пружанскага раённнага цэнтра культуры, якія падрыхтавалі абрад “Шчадруха”.

Ужо на працягу некалькіх год рабяты, якія знаёмяцца з традыцыйнымі беларускімі абрадамі, рыхтуюць тэатралізаваныя праграмы і наведваюць працоўныя калектывы арганізацый горада. У гэты раз юныя шчадроўшчыкі з зокай і “казой” накіраваліся ў ДРСУ-140,  Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, “Белдзяржстрах”, аддзел паштовай сувязі “Белпошта”, “Белтэлекам”,  ААТ “Пружанскі малочны камбінат”, аддзел культуры райвыканкама, “Пружанскія электрычныя сеткі”, ДЭУ-25.

Калісьці ў абрад шчадравання нашы продкі ўкладвалі глыбокі сэнс: дзякавалі сілам прыроды за сабраны ўраджай, прасілі іх быць шчодрымі на наступны год, каб “поўна было ў доме, хляве і полі”. Прыход у дом шчадроўшчыкаў лічыўся добрай прыкметай, сімвалам новага багатага ўраджаю і сямейнага дабрабыту. У падзяку людзі стараліся як мага лепш адарыць пераапранутых ў абрадавыя касцюмы (каза, мядзведзь, казак і інш.) шчадроўшчыкаў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий