Святочны настрой

Ражаство – час чараўніцтва і радасці. Далучыцца да яго святкавання прапанавалі філіялы Пружанскага раённага цэнтра культуры, якія правялі разнастайныя мерапрыемствы.

Удзельнікі аматарскіх фарміраванняў Слабудскога сельскага Дома культуры падаравалі прыемныя хвіліны свята сваім аднавяскоўцам, завітаўшы да іх з каляднымі віншаваннямі.

Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка наведаў з каляднай праграмай мясцовую малочна-таварную ферму: творчыя калектывы прадставілі жывёлаводам канцэрт. Таксама работнікі клубнай установы павіншавалі шматдзетныя сем’і. А ў нядзелю ў Сухопальскім сельскім клубе-бібліятэцы адбыўся святочны калядны канцэрт «Святло Ражаства». Гледачы ўбачылі прыгожыя творчыя нумары і тэатралізаваную пастанаўку, прысвечаную вялікаму хрысціянскаму святу. Да прысутных з прамовай і віншаваннямі звярнуўся настаяцель сухопальскага храма Узвіжання Крыжа Гасподня Віталь Навасад, які таксама расказаў аб гісторыі і традыцыях Ражаства.

У калядныя дні ў Мураўскім сельскім Доме культуры працавала выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленых удзельніцамі гуртка «Жаночая майстэрня».

Важнай даце – 85-годдзю Пружанскага раёна – прысвяціў тэматычную гутарку «Сцяжынкамі роднага краю» Белавусаўшчынскі сельскі клуб-бібліятэка. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся са знакавымі мясцінамі, вядомымі асобамі і дасягненнямі малой радзімы.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий