Магія шкла

Такую назву мае выстава, якая нядаўна пачала экспанавацца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». На ёй прадстаўлены самабытныя работы баранавіцкага мастака Рамана Бондара. Для яго палатно – гэта шкло, а пэндзаль – малаток і зубіла.

Як сцвярджае сам мастак, ідэя такіх эксперыментаў з’явілася некалькі гадоў таму назад. Ён заўважыў, што трэшчыны на разбітым шкле аўтамабіля нібыта ўтвараюць партрэт. Таму першыя мастацкія спробы, спачатку не вельмі ўдалыя, Раман Бондар рабіў менавіта на аўтамабільным шкле. Ён цярпліва трэніраваўся і на працягу двух гадоў удасканальваў сваю тэхніку. Дарэчы, у такім накірунку мастацтва працуе не больш дзесятка людзей ў свеце. Сярод іх – Раман Бондар.

На стварэнне адной карціны мастак затрачвае ад аднаго дня да месяца, а важыць шкляны шэдэўр ад 6 кг! Творы выяўляюцца на шматслойным шкле чорнага колеру (трыплексе), таму што звычайнае разбураецца на дробныя кавалкі ад механічных удараў. На кантрасным чорным фоне паступова вымалёўваецца павуцінне тонкіх светлых трэшчынак, якія цудоўным чынам складаюцца ў чалавечыя твары.

Працаваць Раману прыходзіцца на роўнай паверхні – падлозе. Стукаць па шклу патрэбна акуратна, разлічваючы кожны рух, каб не знішчыць працу. Бывае, што даводзіцца рабіць каля тысячы ўдараў, каб утварыць усяго сантыметр выявы.

Для сварэння шклянога партрэта мастаку патрабуецца фотаздымак чалавека, аловак, малаток і зубіла. Пэўны раз вакарыстоўваецца бензін, які падпальваецца на шкле, каб зрабіць яго гарачым і далей стукаць па ім. У такім выпадку атрымліваецца асаблівы эфект разыходжання трэшчын, мудрагелістыя трохмерныя карункі.

Раман Бондар ужо стварыў больш за дваццаць партрэтаў на шкле.

Пазнаёмцеся з унікальнай творчасцю маладога мастака і наведайце выставу “Магія шкла”, якая будзе працаваць у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” да сярэдзіны жніўня 2024 года.

Добавить комментарий