Шмат актыўных і вясёлых летніх праграм прапанаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры.
Так у гульнявым пакоі “Тэрыторыя твайго дзяцінства” ў канцы мая – пачатку чэрвеня прайшлі гульнявыя праграмы для выпускнікоў дзіцячых садоў і пачатковай школы. Рабяты ў жартоўнай форме праверылі свае веды, паказалі свой спрыт у спартыўных эстафетах, вытрымалі танцавальны марафон.
Для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пас.Сонечны работнікі Палаца культуры зладзілі гульнявую праграму да Міжнароднага дня аховы дзяцей.
Сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў таксама не засталіся па-за ўвагай. Палац культуры сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрасілі іх на інтэрактыўную гульню ва ўстанову культуры. Дзеці і дарослыя гулялі, адгадвалі загадкі, весяліліся і, канечне, атрымлівалі падарункі.
Таксама гарадскі Палац культуры наведалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Узорная кантакт-студыя тэатралізавана-інтэлектуальнай гульні “Teens-фармат” падрыхтавала для іх конкурсы, а майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці Святлана Тагіева і Вера Волчык правялі майстра-клас па вырабу паштовак. Мерапрыемства завяршылася дыскатэкай.