Паўстагоддзя далучае да прыгажосці

24 мая 2024 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Шарашоўская дзіцячая школа мастацтваў» прайшло вялікае свята. Установа адукацыі ў сферы культуры адзначыла свой 50-гадовы юбілей і правяла выпускны вечар.

У канцэртнай зале школы не было свабодных месцаў. На святочную праграму завіталі вучні, іх бацькі, шматлікія госці і жыхары гарадскога пасёлка.

У пачатку ўрачыстага мерапрыемства да прысутных звярнулася дырэктар установы Вольга Пятроўна Краўчук. Яна павіншавала ўсіх з завяршэннем чарговага навучальнага года, нагадала асноўныя этапы і дасягненні ўстановы, якая адзначае свой 50-гадовы юбілей. Асаблівыя словы былі звернуты да выпускнікоў, якія паспяхова засвоілі курс навучання на музычным і мастацкім аддзяленнях і цяпер развітваюцца з роднай школай і настаўнікамі.

На сцэне прагучала шмат цёплых слоў падзякі і віншаванняў, жартаў і гумару. Гледачам былі прадстаўлены разнастайныя творчыя нумары – інструментальныя і вакальныя, вершы і тэатралізаваныя пастаноўкі. Таксама ў школе была зладжана выстава лепшых мастацкіх работ выпускнікоў і вучняў установы.

Да пабачэння, школа! У добры шлях, выпускнікі! Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Шарашоўская дзіцячая школа мастацтваў», якая паўстагоддзя далучае моладзь да прыгажосці, чакае новага навучальнага года і новых вучняў!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий