22 мая на тэрыторыі храма свяціцеля Мікаля Цудатворцы ў вёсцы Смаляніца ў чарговы раз прайшло духоўна-культурнае свята «Смаляніцкі святок». Яно было прымеркавана да знакавай даты праваслаўнага календара – дня святога Мікаля Цудатворцы, імя якога носіць смаляніцкі храм.
Праграма мерапрыемства была падрыхтавана Навасёлкаўскім сельскім Домам культуры пры падтрымцы настаяцеля храма Сергія Худзяева. У свяце прынялі ўдзел калектывы і салісты ўзгаданай клубнай установы, вучні Навасёлкаўскай сярэдняй школы, а таксама вакальны гурт «Шчырым сэрцам» пружанскага аўтаклуба.
На свята «Смаляніцкі святок», якое ўжо стала традыцыйным, сабраліся прыхаджане і мясцовыя жыхары. Яны наведалі богаслужэнне, а потым прыгожую канцэртную праграму. Мерапрыемства стала сапраўднай падзеяй у культурна-духоўным жыцці рэгіёна.