На мінулым тыдні многія бібліятэкі прымеркавалі мерапрыемствы да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Сярод іх – Ліноўская сельская бібліятэка, у якой для старшакласнікаў мясцовай сярэдняй школы прайшоў урок памяці “Аб гэтым не павінны маўчаць”. Юнакі і дзяўчаты пачулі ўспаміны былых вязняў Евы Шлос і Ганны Франк, пазнаёміліся з кнігамі М.Дзявятава “Пабег з ада”, М.Шолахава “Лёс чалавека” і А.Кузняцова «Бабі Яр». Не абмінулі пытанне генацыду беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Было адзначана, што тэма адлюстравана ў творах І.Шамякіна “Глыбокая плынь”, А.Адамовіча “Хатынская аповесць” і “Карнікі”, М.Чаргінца “Аперацыя “Кроў”. Падлеткі таксама чыталі вершы і вытрымкі з кніг, глядзелі відэасюжэты. Памяць аб загінуўшых яны ўшанавалі хвілінай маўчання. Наведвальнікі бібліятэкі маглі пазнаёміцца з кніжнай паліцай “І памятаць жахліва, і забыць немагчыма” і кніжнай выставай “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
А ў Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы прайшла гісторыка-патрыятычная гадзіна “Без тэрміну даўніны”. Старшакласнікі Параслянскай сярэдняй школы паглядзелі электронную прэзентацыю “Генацыд беларускага народа”. Рабяты даведаліся аб падзеях вайны на Пружаншчыне, пазнаёміліся з салдатамі Перамогі – нашымі землякамі, прачыталі ўрыўкі з твораў аб вайне.