14 студзеня 2023 г. у музеі-сядзібе Пружанскі палацык упершыню прайшоў Калядны баль для вучнёўскай моладзі. У ім прынялі ўдзел больш за 30 вучняў старэйшых класаў устаноў адукацыі Пружаншчыны, якія вызначыліся ў вучобе, спорце, культурным і грамадскім жыцці.
З прывітальным словам да моладзі звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Сярод гасцей урачыстага мерапрыемства былі прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама – культуры, па адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі.
Юнакі і дзяўчаты з дапамогай Валянціны Іскаліевай і Аксаны Ільюшонак – кіраўнікоў танцавальных калектываў Пружанскага гарадскога Палаца культуры амаль два месяцы развучвалі бальныя танцы, засвойвалі правілы паводзін на свецкім мерапрыемстве, каб годна і ўпэўнена адчуваць сябе на сваім першым сапраўдным балі ў старадаўнім палацы. Дзяўчыны рыхтавалі вячэрнія сукенкі і прычоскі, хлопцы – строгія касцюмы.
Нягледзячы на пэўнае хваляванне, якое прысутнічала ў арганізатараў і ўдзельнікаў, баль у Пружанскім палацыку атрымаўся сапраўды шыкоўным. Старшакласнікі выканалі паланэз, кадрылю і вальс. З танцавальнымі нумарамі перад прысутнымі выступілі вучні харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны і ўзорны ансамбль танца “Круцёлачкі” гарадскога Палаца культуры. Прагучалі рамансы ў выкананні педагогаў дзіцячай школы мастацтваў. Кожная частка балю ў старадаўняй сядзібе Швыкоўскіх была падначалена строгай структуры, парушыцца якой не даваў распарадчык мерапрыемства, ролю якога выканаў метадыст Палаца культуры Вячаслаў Краўчук.
Завяршыўся вечар чаяпіццем, прыемнымі размовамі, наведванем новых выстаў і, канечне, незвычайнай фотасесіяй ў інтэр’ерах музея.
Ці стане Калядны баль у Пружанскім палацыку новай традыцыяй? Спадзяемся, што так!
Падрабязней тут: https://www.youtube.com/watch?v=FZiaeWYvi7E , https://vk.com/pruzhanytv?z=video-170224758_456239432%2Fvideos-170224758%2Fpl_-170224758_-2