У клубных установах Пружаншчыны прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных калядным святам.
Кляпацкі сельскі Дом культуры сумесна з бібліятэкай правялі гульнявую праграму “Цуды напрэдадні Каляд”. Рабяты паўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах, спявалі, танцавалі, а ў канцы мерапрыемства зрабілі калядную зорку і змясцілі яе на ёлцы.
Пазнавальную праграму для дзяцей “Рождественский сочельник” падрыхтаваў Мокраўскі сельскі Дом культуры.
Свята “Сустрэча на Каляды” прайшло ў Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы. У ім прынялі ўдзел мясцовыя жыхары. Яны спявалі, спаборнічалі ў конкурсах, вадзілі карагоды. У госці завіталі калядоўшчыкі з традыцыйнай зоркай, казой і мядзведзем. Прысутных павіншавалі Дзед Мароз і Снягурка. Завяршылася сустрэча сумесным чаяпіццем. Ва ўстанове можна было таксама паглядзець выставы дзіцячых малюнкаў “Зімовых фарбаў карагод” і твораў мясцовага майстра В.Калач, кніжную выставу “Зіма – краіна цудаў”.
Роўбіцкі сельскі клуб-бібліятэка правёў тэатралізаваны абрад “Прыйшлі святкі – запявай калядкі”.
Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры перад Калядамі завіталі ў дамы жыхароў в.Смаляніца. Яны павіншавалі вяскоўцаў з надыходзячым святам і праспявалі ім абрадныя песні. Работнікі культуры равялі ва ўстанове канцэрт “Шчодры вечар ля варот” і выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Са старым Новым годам”.
Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду з канцэртам наведалі калектывы аматарскай творчасці мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі.
Канцэрт рэлігійных спеваў “Са святам Ражаства” ў храме іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” прадставіў вакальны ансамбль “Амафор” Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры. На працягу зімовых канікул ва ўстанове таксама прайшлі: ранішнік “Навагоднія агні запрашаюць у казку”, віктарына “Ведай і абараняй сябе”, дыскатэка і майстар-класы. Сумесна з Новазасімавіцкай дзіцячай школай мастацтваў была паказана навагодняя лялечная казка “Навагодні падарунак”. А 14 студзеня ў Доме культуры адбыліся вячоркі “Пад стары Новы год”, падчас якога дзеці і дарослыя пачулі калядныя і шчадроўскія абрадавыя спевы ад вакальных калектываў “Амафор” і “Сябрына”, дзіцячага аматарскага аб’яднання “Задорынка”.
На сцэне Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу сумесна з нядзельнай школай храма святых апосталаў Пятра і Паўла жыхары пасёлка ўбачылі музычна-тэатралізаваную пастаноўку “Калядная гісторыя”.
Канцэрт “Як пад стары Новы год” адбыўся ў Белавусаўшчынскім сельскім клубе-бібліятэцы.