Установы культуры Пружанскага раёна ніколі не астаўляюць без увагі грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі.
Чарговай нагодай для сустрэчы з імі стаў Міжнародны дзень інвалідаў, які адзначаўся 3 снежня.
У танцавальнай зале Пружанскага гарадскога Палаца культуры адбылася забаўляльная праграма «Усмешкі сяброў» для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Удзельнікі ўзорнага клуба «Teens-фармат» падрыхтавалі для гасцей разнастайныя віктарыны, гульні, конкурсы, песні, дыскатэку. Таксама выставу сваіх твораў з гліны прадставіў усім прысутным Уладзіслаў Чыркін, які вучыцца ў майстра-ганчара Віталя Раманоўскага.
Канцэрт вакальнага ансамбля «Амафор» (кіраўнік Наталля Данцова) Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры і богаслужэнне ў храме іконы Божай Маці «Неспадзяваная радасць» інваліды наведалі 3 снежня.
У Роўбіцкім сельскім клубе-бібліятэцы прайшла гутарка «Даруй дабрыню», прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.
А работнікі Слабудскога сельскага Дома культуры завіталі з канцэртнымі праграмамі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць у вёсцы.
Знакавым мерапрыемствам стаў таксама традыцыйны інклюзіўны раённы фестываль «Дзяцінства без межаў», які ў дзесяты раз прайшоў у Пружанскім гарадскім Палацы культуры.