Ужо больш за тыдзень у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў працуе персанальная выстава мастацкіх работ Вольгі Гроус “Адлюстраванне”.
Яна адкрылася 5 жніўня з прэзентацыі, на якой мастачка пазнаёміла прысутных са сваёй творчай біяграфіяй і мастацкім крэда, правяла экскурсію.
Выстава ў Ружанах – гэта падарожжа ў свет жывапісу, колераў і эмоцый. Карціны ў розных мастацкіх стылях адлюстроўваюць гарадскія пейзажы, мудрагелістыя формы і абстрактныя вобразы. Найбольш сярод іх палотнаў, якія можна аднясці да канцэптуальных.
Вольга Гроус нарадзілася ў Жытоміры (Украіна), але ў дзяцінстве яе сям’я шмат пераязджала, таму што бацька быў ваеннаслужачым. Мясціны, дзе прыходзілася жыць – Новая Зямля ў расійскім Запаляр’і, Батумі ў Грузіі, Масква, Мінск, Брэст, – назаўсёды засталіся ў памяці і, напэўна, аказалі ўплыў на фарміраванне яе светапогляду.
У Беларусі Вольга жыве з 1988 г. Яна закончыла матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка. У студэнцкія гады захапілася творчасцю – наведвала мастацкую студыю, займалася ў аматарскім тэатры. Новая інтарэсы паспрыялі таму, што В.Гроус імкнулася рэалізаваць сябе ў рэжысуры, вучылася ў Незалежнай школе кіно і тэлебачання, працавала асістэнтам рэжысёра ў прадзюсерскай кампаніі “Фора-фільм”. Ужо маючы ўласную сям’ю Вольга працягнула свае мастацкія пошукі і паступіла ў тэатральна-мастацкі каледж у Маскве. Менавіта ў выяўленчым мастацтве Вольга знайшла сапраўднае жаданне ствараць. Сёння мастачка ўзначальвае народную студыю “Малюнак і жывапіс” у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі г.Мінска, вядзе актыўнае творчае жыццё, удзельнічае ў выставах.
Сваё творчае крэда Вольга Гроус вызначае так: “Для мяне жывапіс – гэта магчымасць выявіць тое, што бачыш і адчуваеш. Гэта ўзаемадзеянне знешняга і ўнутранага так ці інакш прысутнічае у кожнай рабоце. Любы абстрактны твор заўсёды мае адліковыя кропкі ў рэальнасці. Гэта як люстэрка – свет адлюстроўваецца ў табе, а ты – у работах”.
Запрашаем пазнаёміцца з творчасцю Вольгі Гроус і наведаць Ружанскі палацавы коплекс роду Сапегаў. Выстава “Адлюстраванне” будзе працаваць у музеі да канца верасня 2022 года.