Год стварэння – 1993
Год прысваення звання – 1994

Народны хор “Вербніца” – гэта візітная картка Пружанскага раёна. Асновай рэпертуару калектыву з’яўляюцца беларускія народныя песні, апрацоўкі ўкраінскіх і рускіх народных песень, творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў, песні самадзейнага кампазітара, былога кіраўніка хору Івана Іванавіча Гвоздзіка (15.05.1950 – 09.03.2021).

Хор “Вербніца” быў створаны І.Гвоздзікам у 1993 г. Ён з’яўляўся нязменным кіраўніком калектыву да 2020 г. У  2021-2023  гг. калектыў узначальвала Аксана Васільеўна Казлоўская.

У розныя гады салістамі “Вербніцы” былі – Уладзімір Бушук, Леанід Карунас, Мікалай Крац, Ірына Неміровіч, Валерый Купчанка, Ірына Лапаценка, Валянціна Кунда, Віктар Лаўрэнаў, Ала Літус і інш.

Народны хор неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі фестываляў і конкурсаў: Гран-пры IX Усеўкраінскага фестывалю-конкурсу народнай творчасці аматарскіх калектываў і выканаўцаў “Слобожаньский Спас – 2012” (г.Сватава), дыпломам І-й ступені рэгіянальнага свята-конкурсу вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле” (2014, 2015, 2017, 2018, 2021), дыпломам ІІ-й ступені абласнога фестывалю вакальна-харавога мастацтва “Ляці, наша песня” (2005, 2011). З’яўляўся дыпламантам рэспубліканскага свята хораў “Пеўчае поле” (воз.Нарач, 1995), фестывалю «XXIV wojewodzkе  spotkani» (Польшча, 2007), музычнага фестывалю “Маньково зажигает звезды – 2014” (в.Манькава-Калітвенскае Чарткоўскага р-на Растоўскай вобл., Расія), Міжнароднага фальклорнага фестывалю (г.Льёрэт-дэ-Мар, Іспанія, 2015), XXV Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня – 2018” (г.Беласток) і інш.

Штогод хор дае канцэрты ў розных населеных пунктах і на прадпрыемствах раёна, прымае ўдзел у канцэртных праграмах Пружанскга гарадскога Палаца культуры, раённых і абласных святах і мерапрыемствах, фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі  “Дажынкі”.

Народны хор “Вербніца” – гэта выдатны самабытны калектыў, якому ўласцівы яркасць, арыгінальнасць, сур’ёзны падыход да творчасці і любоў да харавых спеваў.