Іван Іванавіч Гвоздзік (15.05.1950 – 09.03.2021) – віртуоз-музыкант, таленавіты кампазітар, здольны арганізатар, творчы чалавек.

Нарадзіўся ў вёсцы Купічы Пружанскага раёна. З малых гадоў Іван Гвоздзік палюбіў народную песню, павагу да якой яму прывіў дзед Іван Несцярчук, які меў цудоўны голас.

У 1957 г. сям’я Гвоздзікаў пераехала ў г.Пружаны. Іван вучыўся ў сярэдняй школе № 2 і дзіцячай музычнай школе па класу баяна. Першым яго настаўнікам быў Мікалай Голец, які адразу заўважыў музычныя здольнасці хлопчыка.

У 1977 г. Іван Гвоздзік скончыў Брэсцкае музычнае вучылішча па спецыяльнасці “народныя інструменты”. Яшчэ будучы студэнтам ён пачаў рабіць апрацоўкі народных песень, інструментоўкі для аркестра народных інструментаў.

У розныя гады І.І.Гвоздзік працаваў настаўнікам спеваў у Смаляніцкай і Навасёлкаўскай школах, мастацкім кіраўніком Рудніцкага сельскага Дома культуры, загадчыкам Мокраўскага сельскага клуба, дырэктарам Хараўскога Дома культуры, загадчыкам клуба Пружанскага саўгаса-тэхнікума, акампаніятарам, інструктарам  і культарганізатарам Пружанскага раённага Дома культуры,  выкладчыкам па класу баяна Ганцавіцкай (1969 – 1971) і Пружанскай дзіцячых музычных школ (1983 – 1992). Непрацяглы перыяд І.Гвоздзік спрабаваў адысці ад музыкі – працаваў рабочым камбіната бытавога абслугоўвання, наладчыкам абсталявання Пружанскага завода радыёдэталяў – але любоў да творчасці перамагла.

Іван Іванавіч Гвоздзік шмат зрабіў для развіцця мастацкай самадзейнасці ў Пружанскім раёне. Пры яго непасрэдным удзеле былі створаны аматарскія хоры ў аўтапарку № 11, раённай бальніцы, лясгасе, райспажыўсаюзе, эксперыментальнай базе “Белавусаўшчына”, калгасах “Ленінскі шлях”, імя Чапаева і інш. У 1980-я гг. ён кіраваў аркестрам, які акампаніраваў вядомаму на Пружаншчыне народнаму аматарскаму калектыву – ансамблю танца “Завіруха”.

У 1993 г. у Пружанскім гарадскім Палацы культуры Іван Гвоздзік стварыў і стаў мастацкім кіраўніком хору “Вербніца”, які праз год атрымаў званне “народны”. Хор стаў адным з вядучых калектываў вакальна-харавога жанру Пружаншчыны і гонарам Брэсцкай вобласці.

У рэпертуары “Вербніцы” больш за 100 песень на словы М.Цурканава, В.Маслоўскай, К.Цыбульскага, І.Багмута, Г.Хадаровіч, С.Собаль, І.Сядовай, музыку да якіх напісаў Іван Іванавіч. У асноўным гэта творы пра Беларусь, родны край, чалавечыя пачуцці, прыгажосць прыроды. Сярод найбольш папулярных і вядомых вакальных твораў І.Гвоздзіка – песні “І ў вас, і ў нас”, “Касавіца”, “Ліпень” і інш. У 2005 г. выйшаў першы зборнік песень кампазітара “Гучыць пад акенцам гармонік” (Брэсцкі абласны грамадска-культурны центр), 2014 г. – “Люблю да слёз”, 2017 г. (перавыданне 2018 г.) – “Ой, цячэ крынічанька” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама). Песні І.І.Гвоздзіка ёсць у рэпертуары вядучых калектываў Рэспублікі Беларусь, вобласці і раёна.

На працягу ўсяго жыцця Іван Іванавіч падтрымліваў творчыя сувязі з М.Цурканавым – кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца “Палескія зоры” (г.Пінск), М.Дрынеўскім – кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча.

Дзейнасць таленавітага кампазітара і музыканта Івана Іванавіча Гвоздзіка неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі, сярод якіх – грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

І.І.Гвоздзік па-мастацку выкарыстоўваў і спалучаў сучасныя сродкі музычнай выразнасці, народныя традыцыі, нацыянальны каларыт, яркасць мелодый і прагажосць паэтычных радкоў. Ён з’яўляўся сапраўдным захавальнікам і папулярызатарам беларускай народнай спадчыны, традыцыйнай песеннай культуры.