У бібліятэках і клубных установах праходзіць шмат мерапрыемстваў для дарослай аўдыторыі.
Так, у мінулую нядзелю Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма зладзіла праваслаўную вечарыну «Маё жыццё ў Хрысце», прысвечаную святому праведнаму айцу Іаану Кранштадцкаму. Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з жыццёвым шляхам выдатнай асобы. Аб некаторых аспектах яго дзейнасці распавёў святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Дзіянісій Папоў. З прамовай да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся благачынны цэркваў раёна Міхаіл Носка.
У рамках месячніка «Чалавек з белым кіем» у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для інвалідаў, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адбылася інфармацыйная гадзіна «Нам праз сэрдца бачны свет».
На гадзіну роздумаў «Як проста скаціцца на дно» запрасіла Ліноўская сельская бібліятэка. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі прычыны і наступствы спажывання алкаголю ў маладзёжным асяроддзі, алкагалізм як сацыяльную праблему. Да сустрэчы была падрыхтавана кніжная паліца «Больш гора, чым радасці».
Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка арганізаваў для дарослай аўдыторыі гадзіну роздумаў «Якой будзе старасць – залежыць ад нас». У мерапрыемстве прыняў удзел настаяцель мясцовага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Анатоль Кавальскі.
Удзельніцы жаночага клуба «Натхненне», які дзейнічае ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, сустрэліся, каб разам абмеркаваць розныя тэмы, паспяваць, пагуляць.