З 1 кастрычніка ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў працуе выстава «Сустрэча», на якой прадстаўлены работы ўдзельнікаў узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор» (кіраўнік Ніла Гарчанюк) Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Брэста.
Зварот да сучаснага мастацтва адпавядае стылістычнаму накірунку працы студыі. На працягу некалькіх гадоў вучні знаёміліся з плынямі авангарднага мастацтва ХХ ст., шукалі свае тэмы, мастацкія вобразы і сродкі іх выяўлення.
Працуючы над праектам «Сустрэча» кіраўнік з вучнямі адважыліся на смелы крок: яны пафантазіравалі на тэму сучаснага і стыльнага ўпрыгажэння беларускага нацыянальнага тэатра выявамі вядомых жаночых літаратурных вобразаў. Удзельнікі студыі выканалі цікавыя дэкаратыўныя пано для тэатральнага інтэр’еру, у якіх паспрабавалі раскрыць характары герояў праз беларускі нацыянальны касцюм і выразную мову авангарднага мастацтва. Праца па рэалізацыі задуманага была нялёгкай, але выклікала ў дзяцей інтарэс.
Выставачны праект, прадстаўлены ў ружанскім музеі, з’яўляецца своеасаблівай сустрэчай двух «брэндаў» беларускай культуры – авангарда і народнага мастацтва. Юных мастакоў на стварэнне твораў натхніла традыцыйнае беларускае мастацтва і работы ўдзельнікаў Віцебскай мастацкай школы пачатку ХХ ст., мастакоў-авангардыстаў Н.Ганчаровай і А.Экстэр.
Выстава «Сустрэча» будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў да 1 снежня 2024 года.