2 лютага 100-годдзе з дня нараджэння адзначае цудоўны і творчы чалавек – Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч. Наша калега, ветэран працы, рабочы шлях якой быў звязаны з установамі адукацыі і культуры Пружаншчыны. Яна больш за 20 год працавала ў Комлішчанскай сельскай бібліятэцы і сёння займае актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама стварае прыгожыя рэчы сваімі рукамі.
Да гэтай слаўнай даты прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Напрыклад, у чытальнай зале Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэкі імя А.Лось пачала працаваць выстава творчых работ юбіляра “Дакрануцца да прыгажосці”, на якой можна ўбачыць вытанчаныя сурвэткі і саламяныя пацеркі, вышываныя ручнікі і вязаныя карункі, вырабы з паперы і іншых матэрыялаў.
Еўдакія Мікітаўна нарадзілася ў 1922 г. у беднай сялянскай сям’і на Смаленшчыне. Зведала шмат горычы і пакут, перажыла голад. Да Вялікай Айчыннай вайны яна паспела закончыць школу. Так як спецыялістаў з адпаведнай адукацый не хапала, маладая дзяўчына ўладкавалася на працу настаўнікам. Ужо пасля вайны Еўдакія закончыла паскораныя 10-месячныя педагагічныя курсы і ў 1945 г. была размеркавана на працу ў адну са школ Смаленскай вобласці. У гэты час яе старэйшая сястра жыла ў Пружанах і працавала ў ваеннай сталоўцы. Еўдакія прыехала ў госці і засталася ў раёне назаўсёды. Першым месцам яе працы стала Навасёлкаўская сярэдняя школа. Так як установа была беларускамоўнай, настаўніца з дапамогай сваіх калег вывучыла мову і выкладала на ёй. У 1948 г. яна ўдзельнічала ў арганізацыі школы ў в.Асятніца. У наступным годзе Еўдакія выйшла замуж за Мікалая Клімашэвіча і месцам яе жыхарства і працы стала в.Навасёлкі. У 1950 г. нарадзілася дачка Марыя, якую мы ведаем як захавальніцу традыцыйнай культуры Пружаншчыны і Народнага майстра Рэспублікі Беларусь. З 1958 г. Еўдакія Мікітаўна звязала сваю біяграфію са сферай культуры і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працавала ў Комлішчанскай сельскай бібліятэцы. А таксама заўсёды займалася творчасцю – спявала, малявала, вышывала, вязала.
Еўдакія Мікітаўна, шчыра віншуем Вас з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, добрага настрою і творчага натхнення, падтрымкі родных і сяброў!