Навагодні настрой немагчымы без галоўнай прыгажуні свята – ёлкі.
На мінулым тыдні з запальвання ёлачных гірлянд пачаўся адлік доўгачаканых зімовых урачыстасцяў у Пружанах і Ружанах.
18 снежня, нягледзячы на капрызы надвор’я, у ружанскім парку каля галоўнай ёлкі пасёлка сабраліся дзеці і дарослыя. Чакаючы прыходу Дзеда Мароза і Снягуркі, яны разам з гарэзлівым Снегавіком гулялі, адгадвалі загадкі, спявалі песні. А калі Дзед Мароз запаліў на ёлцы агеньчыкі, усе разам сталі ў дружны карагод. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі Дзеду Марозу вершы, адказавалі на пытанні, дэманстравалі навыкі бяспечных паводзін. У канцы мерапрыемства казачныя персанажы павіншавалі прысутных з надыходзячым Новым годам. Свята падрыхтаваў Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу.
У Пружанах на галоўнай навагодняй ёлцы урачыста запалілі агні 19 снежня. Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічалі ў розыгрышы прызоў, разгадвалі рэбусы і загадкі, вадзілі карагоды вакол лясной прыгажуні, выконвалі танцавальныя заданні Дзеда Мароза з Цік Тока. Не абышлося на свяце без непрыемнасцяў ад Бабы Ягі і … Васілісы Прамудрай. Скарыстаўшыся цяжкім эпідэмічным становішчам, яны заразілі навагоднюю ёлку прастудай, каб сапсаваць свята. Але Дзед Мароз са Снягуркай разам з рабятамі знайшлі выхад са складанага становішча і вылечылі лясную прыгажуню. З дапамогай іншых Дзедаў Марозаў і Снягурак, якія прыехалі на свята з усяго Пружанскага раёна, а таксама розных казачных герояў былі запалены навагоднія гірлянды на галоўнай ёлцы горада. У мерапрыемстве ўдзельнічалі артысты Пружанскага гарадскога Палаца культуры і клубных устаноў раёна.
Падчас свята таксама былі падведзены вынікі конкурсу на лепшае апявяданне “Калі б я быў чараўніком…”. Першае месца было прысуджана Мікіце Харыну (4 “Б” кл., СШ № 3), другое – Таццяне Лаптановіч (3 “Б” кл., СШ № 3), трэцяе – Маргарыце Шастак (3 “Б” кл., СШ № 1).