Віншуем пераможцаў Міжнароднай Прэміі «Щелкунчик»!

Падведзены вынікі адборачнага этапу Міжнароднай Прэміі ў галіне культуры і мастацтва «Щелкунчик». Арганізатарам гэтага конкурсу з’яўляецца Федэрацыя мастацтваў (г.Санкт-Пецярбург, Расія). Міжнародная Прэмія праводзіцца пры дзяржаўнай падтрымцы: Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, саветніка Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па пытаннях моладзі, Камітэта па маладзёжнай палітыцы і ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі г.Санкт-Пецярбург, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама міністэрстваў (дэпартментаў) культуры дзяржаў-удзельніц.

У адборачным этапе сваё майстэрства прадставілі канкурсанты з розных краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўрапейскага Саюза. Прафесійнае міжнароднае журы, у склад якога ўваходзілі спецыялісты ў сферы культуры і мастацтва Украіны, Аўстрыі, Расіі, Іспаніі, Кітая, Велікабрытаніі, высока ацаніла выступленні вучняў Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

У намінацыі “Інструментальнае выканаўства. Сола” лаўрэатам І-й ступені (узроставая катэгорыя 11 – 14 гадоў) стала Данута Іскра, а лаўрэатам ІІ-й ступені (узроставая катэгорыя 8 – 10 гадоў) – Аляксандра Чэга. Абедзвюх вучаніц падрыхтавала настаўнік Таццяна Пятроўна Яўстраценка.

Новазасімавіцкія салісты ўжо атрымалі афіцыйнае запрашэнне на Фінал Міжнароднай Прэміі «Щелкунчик» у г.Санкт-Пецярбуг. Там лепшыя з лепшых будуць змагацца за галоўныя прызы праекта.

Віншуем нашых юных выканаўцаў, іх настаўніка з перамогай і выхадам у Фінал! Жадаем поспехаў, упартасці, мэтанакіраванасці і імкнення да новых вяршынь!

Добавить комментарий