1 кастрычніка, пачынаючы з 1991 года, сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень пажылых людзей.
Не стаў выключэннем і год 2021. Захоўваючы пэўныя абмежаванні, звязаныя са складанай эпідэмічнай сітуацыяй, людзей “залатога” ўзросту ўшанавалі работнікі ўстаноў культуры Пружанскага раёна.
У большасці віншаванні адбываліся індывідуальна – творчыя мабільныя групы выязджалі да пажылых грамадзян, для кожнага з якіх адбыўся міні-канцэрт з добрымі песнямі, шчырымі словамі і падарункамі. Такія святочныя праграмы зладзілі работнікі Вялікасельскага, Мокраўскага, Роўбіцкага, Слабудскога сельскіх Дамоў культуры, Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі і інш.
Клуб “Нам гады не бяда” аматарскага аб’яднання “Ветэран” Пружанскага гарадскога Палаца культуры прымеркаваў да Дня пажылых людзей канцэртныя віншавальныя праграмы, з якімі выступіў у Белавусаўшчынскім і Кляпацкім сельскіх Дамах культуры. Удзельнікі клуба, дарэчы, таксама людзі “залатога” ўзросту, але бадзёрыя і маладыя душой, выконвалі песні, чыталі вершы, прадстаўлялі тэатральныя пастаноўкі. Гледачы атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад сустрэчы з актыўнымі і творчымі ўдзельнікамі клуба.
Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры правёў тэматычную сустрэчу “Яшчэ не вечар”, на якой можна было ўспомніць любімыя песні, падзяліцца сакрэтамі маладосці і правясці вольны час за добрымі размовамі з кубачкам чаю.
Цікавыя мерапрыемствы да Дня пажылых людзей прайшлі ў Новых Засімавічах. Так, у сельскім Доме культуры была зладжана святочная віншавальная праграма. А сельская бібліятэка запрасіла на сустрэчу “Мае гады – маё багацце”. Яе ўдзельнікі пачулі цёплыя словы і пажаданні, паўдзельнічалі ў цікавых конкурсах і віктарынах, прайшлі тэст на вызначэнне душэўнага ўзросту, а таксама склалі пазлы з прыказкамі, праявілі сябе ў мастацкім конкурсе і з задавальненнем паспявалі. Бібліятэкары аформілі фотазону ў восеньскім стылі, дзе кожны жадаючы мог зрабіць памятны здымак.
Сярод іншых знакавых мерапрыемстваў, якія прайшлі ў Пружанскім раёне, трэба адзначыць абласны конкурс творчых работ “Визитные карточки былого”, які праводзіўся тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей былі падведзены вынікі гэтага конкурсу, на які было прадстаўлена 8 арыгінальных праектаў пажылых грамадзян. Першае месца было прысуджана рабоце Марыі Орсы (г.Ганцавічы), другое – Людмілы Сініцы (г.Мікашэвічы, Лунінецкі раён), трэцяе – Галіны Сапаговай (г.Пружаны). Усе ўдзельнікі конкурса атрымалі дыпломы, а прызёры – падарункі ад Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.