Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя беларускага кіно, адбылося 20 снежня ў пружанскім кінатэатры “Спадарожнік”. На яго былі запрошаны ветэраны галіны, прадстаўнікі органаў улады, працоўных і вучнёўскіх калектываў, гараджане.
Са святам прысутных павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела культуры Канстанцін Панімаш, старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Вольга Зінкевіч, дырэктар раённай кінавідэасеткі Таццяна Ланінская. Яны адзначылі важнае значэнне кінамастацтва ў жыцці людзей і грамадства, яго вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. Усім работнікам сферы кіно і ветэранам працы былі ўручаны граматы і падзякі. З віншавальнымі нумарамі выступілі салісты Пружанскага гарадскога Палаца культуры.
Да мерапрыемства была падрыхтавана цікавая прэзентацыя, якая расказала аб гісторыі развіцця кінаіндустрыі на Пружаншчыне. Таксама ў фае кінатэатра “Спадарожнік” можна было пазнаёміцца са старымі фотаздымкамі, якія ілюстравалі працу кінаўстановы ў розныя часы. Бібліятэка падрыхтавала кніжную выставу, прымеркаваную да 100-годдзя беларускага кіно. Сваю лакацыю ў кінатэатры прадставіла газета “Раённыя будні”.
Завяршылася мерапрыемства праглядам новага кінафільма “Чорны замак”.