Кіраўнік – Ільюшонак Аксана Васільеўна
Год стварэння – 1984
Год прысваення звання – 2006
У 1984 г. на базе Пружанскага завода радыёдэталяў Валянціна Іванаўна Іскаліева арганізавала дзіцячы танцавальны калектыў, які спачатку меў назву “Усмешка”. Работнікі завода з задавальненнем прыводзілі сваіх дзяцей на заняткі ў ансамблі. У 1987 г. калектыў стаў лаўрэатам конкурсу мастацкай самадзейнасці аб’яднання “Гипперон” Міністэрства электроннай прамысловасці СССР, які праходзіў у Маскве. Дасягненні маленькіх артыстаў з Беларусі былі адзначаны граматай газеты “Пионерская правда”.
У 2000 г. калектыў стаў працаваць у Пружанскім гарадскім Доме культуры пад кіраўніцтвам былой удзельніцы ансамбля Вольгі Аляксандраўны Серады. У гэты час маленькія танцоры сталі дыпламантамі міжнародных фестываляў у Польшчы “Гайнаўскія сустрэчы” і “Noty przyjazny” (“Ноты сяброўства”), ХХІІ фестывалю фальклору ў Любліне.
У 2006 г. калектыў, які стаў называцца “Круцёлачкі”, атрымаў ганаровае званне “ўзорны”.
З 2012 г. ансамблем кіруе харэограф, былая яго ўдзельніца Аксана Васільеўна Ільюшонак.
Узорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі” – адзін са старэшых калектываў Пружанскага раённага цэнтра культуры па часе стварэння і адзін з самых маладых па складзе ўдзельнікаў. Любоў да народнага танца аб’ядноўвае ў ім вучняў школ горада ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.
Юныя танцоры з карысцю праводзяць свой вольны час, развіваюць творчыя здольнасці, пазнаюць традыцыі беларускага народа.
Сярод асноўных задач калектыву – атрыманне першапачатковай харэаграфічнай падрыхтоўкі, знаёмства з элементамі музычнай і сцэнічнай граматы, развіццё артыстычных здольнасцей, далучэнне да культурнай спадчыны Бацькаўшчыны.
Пры ансамблі працуе падрыхтоўчая група, у якой займаюцца дзеці ва ўзросце 4 – 8 гадоў, якія потым пераходзяць у асноўны склад узорнага калектыву.
Аснова рэпертуару ансамбля – беларускія народныя танцы, фальклорныя харэаграфічныя пастаноўкі і кампазіцыі.
Калектыў вядзе канцэртную дзейнасць, выступае на сцэнічных пляцоўках школ, клубаў, прадпрыемстваў раёна і вобласці, у Расіі і Польшчы.
Штогод юныя артысты прадстаўляюць сваё майстэрства на раённым фестывалі дзіцячай творчасці “Лестница успеха”. Яны станавіліся дыпламантамі ІІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу “Здравствуй мир” (г.Брэст, 2015), рэгіянальнага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Магія танца” (г.Пружаны, 2018, 2024). На IX адкрытым фестывалі мастацтваў “Хрустальная лира” (г.Мінск, 2019) калектыў атрымаў два першыя месцы ў розных узроставых катэгорыях. У 2020 г. “Круцёлачкі” удзельнічалі ў міжнародным конкурсе-фестывалі харэаграфічнага майстэрства “Славянские самоцветы” (г.Мінск), дзе падрыхтоўчая група ансамбля стала дыпламантам I ступені, а асноўны склад – лаўрэатам II ступені. У 2022 г. калектыў заняў I і IIмесцы ў намінацыі “Народны танец, стылізацыя народнага танца” на фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Dance Star» (г.Мінск) і дыплом ІІ ступені ў міжнародным фестывалі-конкурсе “Зажги свою звезду” (г.Паўладар, Казахстан). У 2023 г. быў узнагароджаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступеняў IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Зажги свою звезду” (г.Пенза, Расія), а ў 2024 г. на гэтым жа конкурсе быў узнагароджаны спецыяльнай узнангародай і дыпломам лаурэата ІІ ступені (г.Мінск). У 2025 г. узорны ансамбль быў адзначаны трыма Дыпломамі лаўрэатаў І ступені ў розных узроставых групах у намінацыі «народны танец» XI Міжнароднага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Зажги свою звезду» ў г.Казань (Расія). У 2025 г. узорны ансамбль быў адзначаны трыма Дыпломамі лаўрэатаў І ступені ў розных узроставых групах у намінацыі «народны танец» XI Міжнароднага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Зажги свою звезду» ў г.Казань (Расія). За высокі выканаўчы ўзровень і майстэрства калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі аддзела культуры Пружанскага райвыканкама.