У Пружанскім палацыку – свята для ёлкі!

26 снежня 2021 года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык» адкрылася новая выстава “Ёлкіна свята”, якая прысвечана Новаму году і Ражаству. Яе галоўныя экспанаты – гэта больш за сто самых разнастайных ёлачных упрыгажэнняў і навагодняя атрыбутыка ў асноўным савецкіх часоў. Гэтыя ўнікальныя прадметы былі передадзены мясцовымі калекцыянерамі для арганізацыі выставы ў музеі.

На галінках лясной прыгажуні ёлкі – галоўнага атрыбута самага любімага зімовага свята – размясціліся яркія рознакаляровыя гірлянды, казачныя персанажы, жывёлы і птушкі, лядзяшы і шышкі, шарыкі і званочкі, а таксама касманаўты і ракеты, якія з’явіліся ў масавай вытворчасці пасля гістарычнага палёту ў космас Юрыя Гагарына, гадзіннікі, стрэлкі якіх застылі на без пяці хвілін дванаццаць, як у кінастужцы “Карнавальная ноч”, падвескі з выявамі персанажаў папулярнага мультыплікацыйнага фільма “Ну, пачакай!” і, нават, набор мініяцюрных цацак для ёлачкі-малюткі.

Прыходзьце на выставу ў Пружанскі палацык, каб апынуцца ў атмасферы сапраўднага цуда, успамніць уласнае дзяцінства і здзейсніць прыемнае падарожжа ў мінулае, атрымаць пазітыўныя эмоцыі і натхненне, набыць “старыя – новыя” ідэі для стварэння свята ў сваім доме.

Выстава “Ёлкіна свята” ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” будзе дзейнічаць да 9 студзеня 2022 года.

З Новым годам і Ражаством!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий