Генацыд мірнага насельніцтва стаў адной з найвялікшых трагедый у гісторыі чалавецтва, якая закранула пружанскую землю. 27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ў г.Пружаны каля памятнага знаку загінуўшым яўрэям адбыўся мітынг. У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, органаў улады, грамадскіх арганізацый, школьнікі і гараджане.
Да прысутных звярнуўся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Пятровіч Кудравец, які адзначыў неабходнасць захавання гістарычнай праўды і памяці аб ахвярах фашысцкага тэрору. На расследаванні фактаў генацыду беларускага народа і выкрыцці злачынстваў нямецкіх акупантаў у адносінах да яўрэйства на Пружаншчыне падрабязна спыніўся пракурор раёна Аляксандр Міхайлавіч Вярбіцкі. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі да памятнага знаку на яўрэйскіх могілках. Мерапрыемства было падрыхтавана Пружанскім раённым цэнтрам культуры, вядучы – метадыст В.М.Краўчук.