7 ліпеня 2021 г. ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” пачала працу выстава мінскага мастака Сяргея Махнача “Чароўны лес”.
Падчас творчай сустрэчы з аўтарам, які прысутнічаў на прэзентацыі выставы, наведвальнікі музея змаглі пазнаёміцца з яго біяграфіяй і творчасцю, паслухаць песні ў выкананні мясцовых спевакоў Аляксандра Казея і Алены Жмайлік, атрымаць паштоўку з выявай карціны і подпісам мастака.
У музеі прадстаўлены творы, выкананыя ў своеасаблівай мастацкай манеры і аб’яднаныя агульнай тэмай – лес з яго жыхарамі, рэальнымі і фантастычнымі. Карціны створаны пад уражаннем ад падарожжаў па Беларусі, Індыі, Шры-Ланцы і ЗША. Для работ С.Махнача характэрна цікавае колераўспрыманне, нечаканы сюжэт, містычны настрой, абстрактны вобраз. Сам мастак адносіць свае творы да інсітнага – наіўнага, непрафесійнага мастацтва.
Работы С.Махнача ўжо выстаўляліся ў шэрагу беларускіх гарадоў. На Брэстчыне – гэта першая персанальная выстава мінскага аўтара.
Запрашаем наведаць выставу “Чароўны лес”, якая будзе экспанавацца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” да сярэдзіны жніўня 2021 г., і дакрануцца да незвычайнага свету Сяргея Махнача!