11 – 12 кастрычніка ў г.Маладзечна (Мінская вобласць) прайшоў IV Міжнародны творчы фестываль-конкурс «BalkOn – 2023», сярод арганізатараў якога былі Маладзечанскі райвыканкам, грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз музычных дзеячаў» і іншыя арганізацыі.
На сцэне дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” ў розных намінацыях выступілі канкурсанты з усіх куткоў Беларусі, а таксама Расіі. Яны прадставілі вакальныя і харэаграфічныя нумары, тэатральныя пастаноўкі, модныя калекцыі, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотаработы.
У фестывалі-конкурсе прыняў удзел народны ансамбль танца “Спадчына” (кіраўнік Валянціна Іскаліева) Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Пружанскія танцоры ўразілі спецыялістаў і гледачоў сваім высокім узроўнем выканаўчага майстэрства, мастацкай выразнасцю нумара, артыстызмам і арыгінальнасцю. Па рашэнні кампетэнтнага журы ансамбль “Спадчына” быў адзначаны дыпломам лаўрэата І ступені.
Віншуем! Жадаем новых творчых перамог!