Нядаўна на сустрэчу з народным майстрам Рэспублікі Беларусь Марыяй Мікалаеўнай Кулецкай і кіраўніком ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка» Верай Віктараўнай Волчык завітаў Міхаіл Анатольевіч Міхайлец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Асноўнай тэмай гутаркі стала нематэрыяльная культурная спадчына, у прыватнасці, роспіс на шкле, а таксама пытанні яго захавання і папулярызацыі.
Падчас сустрэчы Марыя Кулецкая падзялілася гісторыяй аднаўлення роспісу на шкле, сваімі поглядамі на важнасць захавання нематэрыяльнай спадчыны. Роспіс на шкле – гэта не проста мастацтва, а цэлая традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Майстар адзначыла, што такія віды творчасці, як роспіс на шкле, нясуць у сабе ўнікальныя культурныя коды і сімвалы, якія адлюстроўваюць гісторыю і звычаі беларускага народа.
Міхаіл Міхайлец падкрэсліў, што захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны патрабуе комплекснага падыходу. Ён адзначыў, што неабходна не толькі дакументаваць традыцыі, але і актыўна іх папулярызаваць сярод моладзі і турыстаў.
Абмяркоўваючы попыт на роспіс на шкле сярод турыстаў, абодва бакі прыйшлі да высновы, што цікавасць да гэтага рамяства расце. Турысты імкнуцца не толькі набыць унікальныя вырабы, але і даведацца аб працэсе іх стварэння. Гэта садзейнічае росту цікаўнасці да майстар-класаў і экскурсій, што спрыяе не толькі папулярызацыі мастацтва, але і ўмацаванню культурных сувязяў.
Адной з важных тэм гутаркі стала навучанне дзяцей да роспісу на шкле. Вера Волчык адзначыла, што ў апошнія гады назіраецца рост цікавасці моладзі да традыцыйных рамёстваў. Яна праводзіць майстар-класы для дзяцей, дзе вучыць іх асновам роспісу і знаёміць з культурнай спадчынай. Гэта не толькі развівае творчыя здольнасці, але і выхоўвае павагу да традыцый свайго народа. Міхаіл Міхайлец дадаў, што важна ствараць умовы для ўключэння дзяцей у народнае мастацтва, гэта дапаможа захаваць традыцыі і натхніць новае пакаленне майстроў.
Сустрэча падкрэсліла значнасць роспісу на шкле як унікальнай мастацкай з’явы, неабходнасці далучэння моладзі да традыцый свайго народа.