Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфараў

Такую назву мае выстава, якая пачала працу у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” 6 чэрвеня 2024 года падчас спартыўна-культурнага фестывалю “Вытокі”. Яна арганізавана ў трэндзе асноўнай стылістыкі фестывалю – узораў традыцыйнага беларускага ткацтва, якія сталі крыніцай натхнення для арт-праектаў рэспубліканскага мерапрыемства.

Трэба адзначыць, што такая тэматыка была абрана нездарма. Ткацтва з’яўляецца адным з самых багатых і старажытных заняткаў нашых продкаў. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне. У гэтым дэкаратыўным мастацтве адлюстравалася векавая гісторыя народа, яго майстэрства і густ.

На Пружаншчыне захавалася шмат арыгінальных прыкладаў традыцыйнай культуры. Іх асаблівасць у пэўнай эклектычнасці і аўтэнтычнасці. Гэта звязана з асаблівым размяшчэннем нашай зямлі, якая спрадвеку была этнакультурным перакрыжаваннем. Даследчыкі вызначаюць, што яна знаходзілася на мяжы Заходнепалескага і Цэнтральнабеларускага этнаграфічных рэгіёнаў, розных гістарычных абласцей. Прыродныя фактары (пушчы, балоты) паспрыялі адасобленасці раёна, дзе доўгі час захоўвалася асаблівая матэрыяльная і духоўная культура, у тым ліку традыцыі ткацтва. Менавіта ўнікальнае мясцовае ткацтва адлюстраваў музей-сядзіба “Пружанскі палацык”.

Рамяство, вядомае з часоў неаліту, прадстаўляе сабой працаёмкі выраб тканін з пражы шляхам перапляцення нітак асновы і ўтка. Пражу для тканін рабілі з ільну, воўны, пянькі. Працэсы яе апрацоўкі выконвалі ўручную: ніткі пралі з дапамогай верацяна і прасніцы (з канца ХІХ ст. – калаўрота (каўродка)), бялілі, фарбавалі, снавалі. Ткалі спачтку на вертыкальных ткацкіх станках і прымітыўных прыстасаваннях (бердзечках, дошчачках), а з ХІ – ХІІІ стст. – гарызантальных кроснах.

У XVI – XVIII стст. ткацтва было развітым заняткам у вёсцы і горадзе. Майстры працавалі пры княжацкіх дварах, шляхецкіх маёнтках, манастырах. Пружаншчына не ўзгадваецца сярод цэнтраў традыцыйнага ткацтва, але гэты занятак ў вясковым асяроддзі меў вялікую папулярнасць і развіваўся паўсюдна. Мясцовыя прыгонныя сяляне і замежныя майстры ў XVIII ст. стаялі ля вытокаў мануфактурнай вытворчасці мастацкіх тканін (паясоў, адзення, абрусаў і інш.) у ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў. У ХІХ ст. Ружаны сталі адным з прамысловых цэнтраў ткацтва і сукнавытворчасці Беларусі. Але асноўнымі захавальнікамі традыцый народнага тэкстылю з’яўляліся жыхары вёсак, якія зберагалі і ўдасканальвалі ўнікальнае мастацкае рамяство, якое дасталося ад продкаў.

У залежнасці ад прызначэння даматканыя творы падзяляліся на тонкія кужальныя – для кашуль, ручнікоў, абрусаў, бялізны, і грубейшыя – для верхняга адзення і інтэр’ераў (дываноў, палавікоў, посцілак і інш.).

Прыгажосцю вылучаліся ручнікі – доўгія кавалкі тканіны абрадавага (вясельныя, пахавальныя і інш.), дэкаратыўнага, утылітарнага прызначэння. Мясцовыя ручнікі – белыя з пераважна геаметрычным арнаментам у выглядзе папярочных палос (узораў) чырвонага ці з украпеннямі чорнага колераў. Акрамя тканых узораў ручнікі ўпрыгожвалі вышыўкай, якая мела эстэтычны і сімвалічны характар, вязанымі карункамі на канцах. Менавіта такія ільняныя ручнікі можна ўбачыць ў “палацыку”. Пераважна гэта аднатонныя двухнітовыя тканіны са старажытным палатняным перапляценнем, вытканыя невядомымі майстрыхамі з в.Плябанцы (1930-я гг.), в.Аранчыцы і в.Боркі (1950 – 1960-я гг.) і інш. Шмат ручнікоў з саржавым перапляценнем – даўняй тэхнікай, пры якой ніткі ўтку паслядоўна змешчаны ў бок асновы для дасягнення дыяганальнага рэльефнага рубчыкуу – гэта творы Вольгі Валюшка з в.Наскі (1950-я гг.), невядомых ткачых з Купліна, Аранчыц і Плябанцаў (1920 – 1930-я гг.).

У кампазіцыйным і мастацкім вырашэнні да ручнікоў падобны сурвэткі – вырабы з ільну для ўпрыгажэння інтэр’ераў. Традыцыйныя сурвэткі суцэльныя белыя, аздобленыя вышыўкай ці аплікацыяй каляровымі тканінамі. У сярэдзіне ХХ ст. каля Пружан папулярнай тэхнікай была ільняная аплікацыя. Яна прадстаўлена сурвэткай Веры Рэчыц з в.Загор’е.

Немагчыма прадставіць інтэр’ер сялянскай хаты без настольніцы (абруса) – так называецца на Пружаншчыне тканае ўпрыгажэнне на стол. Яе рабілі пераважна ў чатыры ці восем нітоў. Былі распаўсюджаны аднатонныя (светла-шэрыя) двухуточныя чатырохнітовыя настольніцы ў шашачны рэльефны арнамент ці абрусы з вышыўкай. Вытанчанасцю вылучаліся аднатонныя ажурныя з рамбічнымі адтулінамі і ажурныя сеткавыя настольніцы і фіранкі з тонкага выбеленага ільнянога палатна. Яны мелі дэкаратыўную, утылітарную і абрадавую функцыі. На выставе ёсць прыклады розных настольніц 1950 – 1970-х гг., вытканых невядомымі майстрыхамі з Загор’я, Зарэчча, Аранчыц, Лінова, Купліна і інш.

Разнастайным па тэхнічных прыёмах і аздабленні быў дэкаратыўны тэкстыль для інтэр’ераў, сямейных урачыстасцяў і абрадаў (дываны, радны, тэнчы, посцілкі і інш.). Цікава, што агульнапрыняты тэрмін “посцілкі” ў дачыненні да шэрагу хатніх тканін на Пружаншчыне амаль не ўжываецца. Творы для аздаблення сцен, ложкаў, канапаў, лаваў нашы продкі часцей называлі дыванамі, а прасцейшыя – раднамі. Слова “посцілкі” у мясцовых гаворках сустракаецца пераважна ў дачыненні да палавікоў.

Інтэр’ерныя тканіны шырока выкарыстоўвалі ў побыце (ложкі, канапы), упрыгажэнні хаты (сцены), рытуальна-абрадавых  падзеях (вяселле, пахаванне і інш.). Яны ткаліся ў чатыры, восем і больш нітоў. Папулярнасцю у ХХ ст. карысталіся розныя віды пераборнага ткацтва. Традыцыйна паласаты ці клятчасты дэкор, ромбагеаметрычны арнамент паступова ўзбагачаліся новымі матывамі – стылізаванымі расліннымі (кветкі, дрэвы), зааморфнымі (птушкі), пашыралася каляровая гама.

Самымі  вядомымі сярод тэкстылю былі дываны – тканыя вырабы з воўны, бавоўны, ільну для ўпрыгажэння і ўцяплення жылля. Дываны прыйшлі ў сялянскую культуру з шляхецкай у XVI – XVIII стст., у якую трапілі ў Сярэднявеччы з Блізкага Усходу ў якасці імпарту, ваенных трафеяў, з побыту мясцовых  татар (слова запазычана з цюркскай мовы). Дываны як прадметы мастацтва – вынік сімбіёзу ўсходніх і заходніх еўрапейскіх тэкстыльных традыцый. Распаўсюджанне дываноў у Беларусі прыпадае на ХХ ст. Сярод іх прыгажосцю вылучаліся творы ў тэхніцы бранага ткацтва (“пад дошчачку”) – аднаўточныя і двухуточныя. Гэта паўажурныя фактурныя тканіны з рытмічнымі ўзорамі, якія ўтвараліся на кроснах пры дапамозе спецыяльнай дошчачкі (бральніцы). Напрыклад, дываны і ручнікі Ганны і Людмілы Яроцкіх са Смаляніцы 1960 – 1970-х гг., дываны Яўгеніі Ярошкі з Вялікага Сяла 1980-х гг. і інш.

Ціекавымі дыванамі з’яўляюцца тэнчы (ад польск. tęcza – “вясёлка”), якія ў Цэнтры і на Усходзе Беларусі называлі “радугі”. Гэта мясцовыя дываны з папярочным “вясёлкавым” двухбаковым арнаментам на цёмным (карычневым, чорным) фоне, вытканыя ў тэхніцы падвоенага ткацтва. Тэнчы распаўсюдзіліся на Захадзе Беларусі з 1920-х гг., а з 1950-х гг. сталі папулярны паўсюдна. Яны ткаліся ў асноўным бясшоўнымі на вузкіх ткацкіх станках у дзве столкі. Гэта дасягалася навіваннем адразу двух асноў, працэс ткацтва падвойнай тканіны патрабаваў ад ткачыхі спрыту і ўвагі. Такая тэхналогія вырабу тэнчы была вынаходніцтвам беларускіх майстрых. Яна невядома ўсходнепольскім ткачам, якія здаўна рабілі тэнчы на шырокіх ткацкіх станках. Мясцовыя гаспадыні запазычылі заходні малюнак, а тэхналогію прыдумалі сваю. На выставе ёсць тэнчы 1960-х гг., зробленыя Яўгеніяй Ярошка з в.Вялікае Сяло і невядомай пружанскай майстрыхай.

Асобную частку мастацкага тэкстылю ў “палацыку” складаюць творы ў тэхніцы падвойнага (двухасноўнага) ткацтва – двухбаковыя дываны. Лічыцца, што асноўнымі рэгіёнам іх бытавання з’яўляюцца Гродзеншчына і Камянеччына. Але на Пружаншчыне шмат прыкладаў такіх мастацкіх работ. Арыгінальныя сюжэтна-арнаментальныя тканіны з’явіліся ў канцы ХІХ ст. і набылі папулярнасць у 1950-я гг. Каб стварыць такое ўпрыгажэнне, майстры выкарыстоўвалі для асновы і ўтку ніткі двух кантрасных колераў. У выніку складанага ходу панажоў кроснаў утвараліся дзве асновы, і ткачыхі, мяняючы два колеры нітак верхняй і ніжняй асноў дошчачкай, перакладвалі ўток і атрымлівалі двухбаковы люстэркавы малюнак. Такіх дываноў, створаных у 1950 – 1970-х гг., на выставе больш за дзесяць – работы невядомых аўтараў з Аранчыц, Борак і Круглага, Ганны Яроцкай са Смаляніцы, Яніны Гадуйкі з Вялікага Зосіна, Веры Стасюкевіч з Лыскава, Марыі Шаркоты са Стараволі і Таццяны Краўчук з Залесся (Хараўскога).

Цікавымі прыкладамі аднабаковага перабору з прыціскной асновай (так зв. закладу) з’яўляюцца вырабы 1960-х гг. – дываны Кацярыны Шопік з в.Смаляніца і настольніца невядомай ткачыхі з в.Чадзель. На іх   шматколерны ўзор з буйных геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў утвораны на аднабаковым уточным насціле.

Таксама на выставе ёсць некалькі раднаў – сціплых дываноў з грубага палатна з простым узорам ці без яго, якімі засцілалі ложкі, куфары ў закутках, падсцілалі пад ложкавую бялізну, накрывалі лавы, ці тоўстага палатна з грубай пражы. Гэта творы 1940 – 1960-х гг. Яніны Гадуйкі з в.Вялікі Зосін і невядомых гаспадынь з Аранчыц і Шанёў.

Простыя таканыя хатнія прадметы – радзюжкі – тканіны з грубай пражы (ільну, пянькі), вытканая ў чатыры ніты і сшытыя з дзвюх полак. Найчасцей яны мелі цёмны клятчасты ці палосны малюнак. Выкарыстоўваліся для засцілання падлогі, куфараў, кошыкаў, маглі служыць коўдрамі. На выставе ёсць радзюжкі Веры Стасюкевіч з Лыскава, Ганны Яроцкай са Смаляніцы, Яніны Гадуйкі з Вялікага Зосіна.

Тканіны для іншых патрэб (палавікі (мясцовыя назвы – ходнікі, дарожкі, посцілкі), сеннікі, мяшкі і інш.) ткалі з нізкаякаснай пражы ў два – чатыры ніты. Палавікі – доўгія тканіны з грубай пражы, якімі засцілалі падлогу, у асноўным былі каляровыя (палосныя) ці манахромныя.

Акрамя інтэр’ернага тэкстылю на выставе у музеі-сядзібе прадстаўлены традыцыйны народны касцюм з даматканага палатна.

Тканіны для жаночага паяснога адзення нашы продкі ткалі пераважна ў два ніты, радзей – у тры, чатыры і больш. На Пружаншчыне часам сустракаліся прыклады спалучэння бранага і чатырохнітовага ткацтва. Суконныя і паўсуконныя тканіны выраблялі для андаракаў, бурак (абутак), нагавіц, ільняныя – спадніц, кашуль, фартухоў, ручнікоў.

У нашым рэгіёне захаваліся прыклады народнага касцюма, якія вызначаюцца маляўнічасцю. Яны адносяцца да Ваўкавыска-Камянецкага і Кобрынскага (на паўднёвым-усходзе раёна) строяў адзення.

Гарнітур жаночага летняга касцюма складалі кашуля, спадніца ці андарак, фартух, гарсэт (неабавязковая частка камплекта), пояс, хустка. Кашуля мела глыбокі разрэз пазухі, высокі стаячаадкладны каўнер і шырокія са шматлікімі зборкамі (моршчаныя) рукавы, якія завяршаліся манжэтамі ці фальбонамі. Уздоўж рукавоў, на каўнеры, манжэтах, пройме чырвонымі ці чырвона-чорнымі ніткамі кашулю ўпрыгожвалі вышыўкай ці браным тканым узорам расліннага, зааморфнага ці геаметрычнага характару. Прыклад мясцовага строю – жаночая кашуля, створаная ў 1930-я гг. Ганнай Шопік са Смаляніцы. Прыгожай часткай касцюма былі андаракі. Часцей яны мелі шчыльную маршчыністую (але на Пружаншчыне не гафрыраваную!) паверхню па ўсяму перыметру, акрамя пярэдняй полкі, якую закрывалі фартухом. Прыём такога маршчэння шырока ўжываўся ў рэгіёне ў андараках, спадніцах, фартухах, кашулях. Мясцовыя андаракі мелі сакавітыя фарбы – бурачкова-малінавыя, фіялетава-сінія, якія дапаўняліся яркімі кантраснымі рознакаляровымі палоскамі (часцей гарызантальнымі) і клеткамі. Прыклады андаракаў – творы невядомых майстрых з в.Руднікі і в.Куплін 1930-х гг. маюцца ў “палацыку”. Для Пружаншчыны таксама характэрны андаракі, выкананыя ў працаёмкай тэхніцы пяцельчатага перабору (кантрастныя ніткі выцягвалі пяцелькай ў месцах узору пры дарамозе кручка). Тэхніка была рэдкай і сёння амаль не існуе. Адзіны яе прыклад – шарсцяны андарак 1930-х гг. з в.Скорцы.

Фартухі шылі з адной (радзей дзвюх) полак белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю (у тым ліку рознакаляровай) геаметрычнага ці расліннага арнаменту. У экспазіцыі змешчаны фартух невядомай пружанскай майстрыхі 1950-х гг.

Гарсэт рабілі з чорнай шарсцянкі, аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, увесь край (зрэзы, проймы, гарлавіну) апрацоўвалі вузкай каляровай аблямоўкай.

Паясы з ільняных, шарсцяных, баваўняных нітак ткалі часцей на дошчачках (4 – 20 невялікіх драўляных пласцінак з 4 адтулінамі па вуглах), на бердзечках, на ніту, на кроснах.

Для аздаблення касцюмаў выкарыстаны паясы, створаныя народным майстрам Беларусі Марыяй Кулецкай ў 2000-я гг. На галаву жанчыны павязвалі хусткі, шыю ўпрыгожвалі пацеркамі (каралямі).

Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, пояс. Кашулю з адкладным каўнерам сціпла аздаблялі чырвонай (чырвона-чорнай) вышыўкай па каўнеры, пройме і падоле (радзей манжэце). У экспазіцыі знаходзіцца кашуля, створаная ў 1930-я гг. невядомай майстрыхай з в.Астравок. Нагавіцы шылі з аднатоннага суровага палатна ці з пярэстай шарсцянкі (клетка, палоска). У мужчынскі камплект на выставе ўключаны простыя ільняныя нагавіцы 1920-х гг., зробленыя ў в.Галены.

На выставе “Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфараў” прадстаўлены прыклады мясцовага ткацтва ХХ ст. з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, збораў раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, прыватных калекцый. Мясцовы тэкстыль і строі адзення маюць вялікую мастацкую вартасць і навуковую каштоўнасць, даюць уяўленне аб багатай спадчыне, разнастайнасці тэхнік, асаблівасцях дэкору, арнаментаў, колераў, прызначэнні твораў. Шматлікія даўнія тэкстыльныя помнікі ўпершыню экспануюцца ў музеі, уражваюць разнастайнасцю ўзораў і кампазіцый, багаццем каларыстычнай гамы і матываў.

Усе, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з народнай спадчынай, можа завітаць у “Пружанскі палацык”. Выстава “Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфараў” будзе працаваць у музеі да канца верасня 2024 года.

Добавить комментарий