21 лістапада сваё прафесійнае свята будуць адзначаць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі.
Установы культуры Пружаншчыны ўжо пачалі віншаваць працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны.
Так, адным з першых зладзіў святочныя праграмы Ліноўскі сельскі Дом культуры. Клуб аматараў песні “Сузор’е” наведаў з канцэртамі фермы ў Лінове і Варотным, майстэрні адкрытага акцыянернага таварыства “Ліноўскае”. Разам з самадзейнымі артыстамі словы віншаванняў гучалі ад старшыні прафсаюзнага камітэта мясцовай гаспадаркі Л.А.Валюшка і спецыяліста па ідэалагічнай рабоце В.В.Казмярчук.
Таксама пачаў віншаванні Роўбіцкі сельскі Дом культуры, які адправіўся з канцэртнымі нумарамі да працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства “Роўбіцкае”.
Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка падараваў святочны настрой работнікам сельгаскомплексаў у в.Хвалава і аг.Сухопаль.
Канцэрт для работнікаў філіяла “Аграэнерга Зеляневічы” падрыхтаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры. Перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі выступілі салісты ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін”, народны ансамбль танца “Спадчына”, салісты Палаца культуры Кацярына Цяжолава, Таццяна Сёмуха, Анастасія Ціхановіч і інш. Падчас урачыстай часткі мерапрыемства словы віншаванняў прагучалі ад першага намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама В.У.Васютовіч і дырэктара філіяла І.А.Ярашэвіча. Лепшым працаўнікам былі ўручаны граматы і падзякі.