26 верасня 2021 года работнікі аўтаклуба стварылі сапраўднае свята для жыхароў вёскі Ляхі.
Яго правядзенню, якое, дарэчы, ужо адкладвалася з-за неспрыяльнага надвор’я, нарэшце пасадзейнічала сонейка, а таксама цёплая і добразычлівая атмасфера, якая ўсталявалася падчас правядзення мерапрыемства.
У святочным канцэрце гучалі віншаванні, песні, байкі… Жадаючыя падпявалі артыстам, танцавалі, гаварылі шчырыя словы сваім аднавяскоўцам і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці. Выдатны настрой, усмешкі і апладысметны ўвесь час суправаджалі канцэртную праграму.
Падчас свята былі ўшанаваны многія жыхары Ляхоў. Найперш, гэта старажылы, сярод якіх – Ірэна Антонаўна Шпарла, Марыя Фёдараўна Куцья і Надзея Фёдараўна Місюк. Свой дзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця (ружовае вяселле) адзначыла сям’я Ціхановічаў. Не засталіся без падарункаў і самыя маленькія жыхары вёскі – Варвара Лукуць і Павел Ціхановіч. Таксама былі адзначаны сем’і Федасюкоў і Балакаў, падвор’і якіх былі прызнаны лепшымі.
Вакальны гурт “Забава” і салісты аўтаклуба падаравалі прыемныя хвіліны радасці і пазітыва жыхарам вёскі Ляхі. Сапраўднай узнагародай для артыстаў сталі гучныя апладысменты, шчырыя ўсмешкі і добрыя словы ад вяскоўцаў, якія прыйшлі на свята.