Свята бібліятэк

Бібліятэкі Пружаншчыны падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да прафесійнага свята – Дня бібліятэк Беларусі, які адзначаўся 15 верасня.

Ружанская гарпасялковая бібліятэка правяла парад бібліятэкараў «Душаў чалавечых добрыя лекары» з удзелам ветэранаў сферы. У гонар прысутных прагучалі шчырыя віншаванні, быў здзейнены экскурс у мінулае бібліятэкі. На працягу мерапрыемства прысутныя дзяліліся сваімі ўспамінамі, чыталі вершы, удзельнічалі ў конкурсах.

У Кляпацкай сельскай бібліятэцы адбыўся ўрок «Няхай жыве кніга», падчас якога рабяты пазнаёміліся з дзіцячым фондам, структурай кніг, гісторыяй іх стварэння, паўдзельнічалі ў віктарынах і гульнях.

Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка напярэдадні прафесійнага свята зладзіла размову-дыялог «Іх завуць кніжнікамі». Дзеці бліжэй пазнаёміліся з прафесіяй бібліятэкара і рознымі кнігасховішчамі свету і Беларусі. Чытачы гарпасялковай пазнаёміліся з выставай «Кніжная смаката», дзе былі прадстаўлены выданні па кулінарыі. Да таго ж бібліятэкары правялі на вуліцах пасёлка PR-акцыю «Кніжка выйшла пагуляць» дзеля пашырэння кола сваіх чытачоў. Але не толькі бібліятэкары праявілі актыўнасць у сваё свята. У госці да іх завіталі работнікі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу і старшыня Шарашоўскага сельсавета Г.Фасевіч, якія павіншавалі бібліятэкараў з прафесійным днём.

Добавить комментарий