15 лістапада ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма прайшла цудоўная творчая сустрэча з пісьменнікамі Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»: Таццянай Дземідовіч і Мікалаем Антаноўскім, а таксама кандыдатам філалагічных навук Уладзімірам Сенькаўцом. У рамках сустрэчы быў прэзентаваны паэтычны зборнік «Чыстая музыка неба», у якім сабраны творы Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко.
Уладзімір Адамавіч прааналізаваў вершы М.Антаноўскага і прыгожа іх прачытаў. Мікалай Дзмітрыевіч падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі аб пачатку творчага шляху. А яго муза – жонка Людміла Іванаўна – эмацыянальна прачытала верш «Жыццёвая балада». Шчырыя словы Таццяны Дземідовіч таксама не аставілі раўнадушанай аўдыторыю.
У канцы сустрэчы прагучаў верш кобрынскай паэтэсы Алены Котавай, які нарадзіўся пад уплывам творчасці М.Антаноўскага. Вучні Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, якія разам з іншымі аматарамі паэтычнай творчасці завіталі на сустрэчу ў бібліятэку, прачыталі шэраг вершаў таленавітага земляка.