Карысную працу па выхаванні і арганізацыі вольнага часу насельніцтва вядуць установы культуры. Мінулы тыдзень не стаў выключэннем.
У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма прайшла краязнаўчая гадзіна «Выбраннікі неспадзяванай вайны», прысвечаная воінам-інтэрнацыяналістам – ураджэнцам Пружаншчыны. Для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа адбыўся ўрок здароўя па прафілактыцы смартфоназалежнасці «Выратуем псіхіку ад негатыву». Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл дзіцяча-юнацкі аддзел раённай бібліятэкі запрасіў гімназістаў-васьмікласнікаў на ўрок мужнасці «Неба скараецца смелым», падчас якога рабяты даведаліся аб позвігах у гады Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у мірны час.
У Ліноўскай сельскай бібліятэцы для школьнікаў прайшла агляд-вандроўка «Музыка дзяцінства ў прозе Івана Навуменкі», прысвечаная юбілею беларуска пісьменніка. Удзельнікі мерапрыемства таксама пазнаёміліся з кніжнай паліцай «Чалавечыя лёсы ў творах І.Навуменкі».
Мураўская сельская бібліятэка падрыхтавала для дзяцей эколага-пазнавальную гадзіну «Птушкі зімовага лесу» і кніжную выставу «Пярнатыя насельнікі Зямлі».
Пэўную дзейнасць вялі клубныя ўстановы раённага цэнтра культуры.
Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры прапанаваў дзіцячую гадзіну «На хвалі здароўя», падчас якой размова ішла аб неабходнасці вядзення здаровага ладу жыцця.
Шэраг мерапрыемстваў зладзіў Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу. Удзельнікі арт-студыі «Сузор’е» і аматарскага аб’яднання «Голас» удзельнічалі ў канцэрце на вечарыне сустрэчы школьных сяброў у мясцовай установе адукацыі. У клубнай установе адбыўся шахматны турнір «Гульня для разумных» сярод членаў аматарскага аб’яднання «Белая ладдзя».