На мінулым тыдні ў дзяржаўнай установе адукацыі «Новазасімавіцкая дзіцячая школа мастацтваў» прайшоў раённый семінар «Асноўныя прыёмы і тэхнікі сучаснага эстраднага вокалу» для настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў.
Сваімі напрацоўкамі ў выкладанні прадмета падзялілася настаўнік па класе эстрадных спеваў Аксана Васільеўна Казлоўская.
Галоўнымі задачамі семінара з’яўляліся: удасканаленне вакальна-тэхнічных навыкаў у класе эстрадных спеваў, дэманстрацыя асноўных тэхнічных прыёмаў у пастаноўцы эстраднага вакалу, выяўленне і ліквідацыя памылак у выкананні.
На семінары свае навыкі пры выкананні вакальна-тэхнічных практыкаванняў, работу над творамі з канцэртмайстрам Таццянай Віктараўнай Герэль прадэманстравала вучаніца 3 класа Марыя Кабрынец. Таксама перад настаўнікамі выступілі вучні класа эстрадных спеваў Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Па традыцыі семінар завяршыўся абмеркаваннем. Калегі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы, абмяняліся вопытам.