Самы пяшчотны дзень

Пачатак вясны і абуджэння прыроды супадае з самым пяшчотным і шчырым святам – Днём жанчын.

Незабыўныя ўражанні і радасны настрой пастараліся стварыць для жанчын работнікі ўстаноў культуры раёна. На працягу некалькіх дзён былі праведзены канцэрты і індывідуальныя віншаванні, ушанаванні лепшых работніц прадпрыемстваў і выставы.

Так, у адкрытых акцыянерных таварыствах “Мурава” і “Агра-Калядзічы” напярэдадні 8 сакавіка адбылося падвядзенне вынікаў працы за мінулы год. Лепшыя працаўнікі, сярод якіх нямала жанчын, былі адзначаны падзякамі і падарункамі. А сельскія Дамы культуры падрыхтавалі да гэтых падзей канцэртныя праграмы. У Мураве да свята таксама прымеркавалі выставы работ мясцовага майстра А.Чайкоўскага і ўзораў старадаўняга народнага мастацтва.

Вялікія канцэрты прайшлі ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры (корпус № 2), Навасёлкаўскім, Кляпацкім, Слабудскім і Новазасімавіцкім сельскіх Домах культуры, Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, Шаняўскім сельскім клубе. Да таго ж у Слабудцы да Дня жанчын быў зладжаны вечар адпачынку “На клавішах вясны”, а ў Новых Засімавічах – вячоркі “Масленіца да нас прыйшла”.

Артысты Белавусаўшчынскага сельскага Дома культуры завіталі са святочнай праграмай ў аг.Руднікі. Калектывы аматарскай творчасці з Клепачоў і Новых Засімавічаў павіншавалі работніц Пружанскіх электрычных сетак, а гарадскога Палаца культуры – Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы” (народны вакальны гурт “2+2”), аграгарадкоў Варанілавічы і Калазубы (народная атр-група “Родники”). Дуэт “Гармонік” і вакальны гурт “Забава” аўтаклуба выступілі з канцэртамі-віншаваннямі на малочна-таварных фермах акцыянернага таварыства “Радзіма” ў аг.Лыскава і в.Асошнікі. Ліноўскі сельскі Дом культуры накіраваўся з добрымі словамі і вясёлымі нумарамі ў сельвыканкам, Аранчыцкі яслі-сад і на хлебапрыёмнае прадпрыемства, Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка – ва ўстановы аграгарадка, а Мураўскі сельскі Дом культуры – да жанчын “залатога” ўзросту.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий