Саломапляценне ў Беларусі – адно з самых старажытных рамёстваў. Нашы продкі пакрывалі саломай дахі, усцілалі ложкі, з яе рабілі неабходныя ў паўсядзённасці хатнія рэчы, галаўныя ўборы, цацкі, ўпрыгожванні і абярэгі.
Нездарма мастацтва вырабаў з саломы было прызнана ўнікальным не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. А 1 снежня 2022 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 17-й сесіі прыняў рашэнне аб уключэнні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва “Саломапляцення Беларусі: мастацтва, рамяства, уменняў”.
У нашым раёне саломапляценне таксама мае свае багатыя традыцыі і паслядоўнікаў. Менавіта таму знакавая ў сусветным маштабе падзея стала нагодай для сустрэчы ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры. 21 студзеня 2023 г. у дыскатэчнай зале ўстановы культуры прайшлі святочныя пасязделкі “Ад мінулага да сучаснага”. У пачатку мерапрыемства на неабходнасць захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі звярнула ўвагу метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сітэмы Вольга Зінкевіч. Падрабязна на тэхналогіях вырабу рэчаў з саломкі і іншых відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Пружаншчыны расказала Народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая.
Падчас сустрэчы ў Палацы культуры была прадстаўлена выстава саламяных твораў мясцовых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – М.М.Кулецкай, С.І.Тагіевай, Р.В.Баюры, В.Ф.Ляўчук, А.М.Гадуйка, В.А.Ляўчук, Н.І.Дзенісевіч, Г.М.Дульчэўскай, А.І.Гразы, І.В.Макарэвіч. Народныя ўмельцы правялі майстар-класы для шматлікіх наведвальнікаў мерапрыемства. Пасядзелкі таксама аздобілі выступленні народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры і творчага калектыву “Яшчэ не вечар” Белавусаўшчынскага сельскага клуба-бібліятэкі.
Завяршыліся святочныя пасядзелкі “Ад мінулага да сучаснага”, прысвечаныя саломапляценню, сумесным вырабам традыцыйнага беларускага абярэгу – “павука”.