Шмат гора і пакутаў зведала беларуская зямля ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пастаянным напамінам аб яе ахвярах з’яўляюцца шматлікія помнікі на магілах загінуўшых, якіх толькі на Пружаншчыне налічваецца 57.
Нягледзячы на тое, што вайна даўно закончылася, да сённяшняга дня ў лясах і балотах знаходзяць астанкі чырвонаармейцаў, выяўляюць раней невядомыя пахаванні мірных жыхароў.
Трэба адзначыць, што работа па пошуку такіх мясцін вялася заўсёды, але з мінулага года, калі Генеральная пракуратура пачала расследаванне фактаў генацыду беларускага народа, гэта дзейнасць яшчэ больш актывізавалася.
Хоць зямля і не вельмі ахвотна раскрывае свае таямніцы, аднак пошук ахвяр ваеннага ліхалецця працягваецца і дае вынікі.
Амаль штогод на тэрыторыі нашага раёна, дзе ішлі крывавыя баі ў чэрвені 1941 г. і ліпені 1944 г., і больш чым тры гады панаваў жорсткі акупацыйны рэжым, знаходзяць астанкі непахаваных.
Не выключэнем стаў і 2022 год. Так, на мінулым тыдні ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл разам з дабраахвотнымі памочнікамі вялі раскопкі ў лясным масіве каля вёскі Блізная (Ружанскі сельсавет). Падчас палявых работ былі знойдзены астанкі двух чалавек – хутчэй за ўсё воінаў-чырвонаармейцаў, якія загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх ляжаў на баку са зброяй у руках у земляным паглыбленні, другі – у штучнай яме на адлегласці 100 метраў ад першага. Пашукавікамі таксама былі выяўлены фрагменты вайсковай амуніцыі. Нажаль рэчаў, якія б дапамаглі ўстанавіць асобы загінуўшых, не было знойдзена. Такім чынам, колькасць безымянных абаронцаў Айчыны павялічылася яшчэ на два чалавекі.
Гэта не першыя і, напэўна, не апошнія знаходкі перыяду мінулай вайны каля Блізной. Справа ў тым, што ў 1941 г. баі з ворагам у раёне Ружан ішлі амаль на працягу тыдня – з 23 па 30 чэрвеня. Тут сканцэнтраваліся даволі вялікія сілы адступаючых савецкіх войскаў з-пад Брэста, Беластока і Гродна, якія стваралі як лакальныя кропкі супраціўлення, так і рабілі спробы пераходзіць у контратакі.
Вядома, што ў 2016 г. пошукавы батальён знайшоў у Блізной астанкі 7 чырвонаармейцаў, імя аднаго з іх удалося ўстанавіць – Абрам Навумавіч Шацкі, ваентэхнік 2-га рангу. У гэтым жа годзе быў выкапаны яшчэ адзін невядомы салдат. Падчас раскопак летам 2020 г. – 3 безымянных чырвонаармейцы. У бягучым годзе – 2 новыя знаходкі.
А колькі іх, салдат Вялікай Айчыннай вайна, яшчэ ляжыць непахаванымі ў лясных гушчарах і топкіх балотах? Адказу на гэта пытанне няма, але складаная і высакародная справа па пошуку і ўстанаўленні іменаў загінуўшых пры абароне Айчыны і ахвяр фашызму працягваецца.
Наталля Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры
Вераніка Манец, памочнік пракурора Пружанскага раёна
Фота Паліны Жарнасек (в.Блізная)