Лета – добры повад для дзяцей і моладзі наведаць бібліятэку ці клубную ўстанову.
Нядаўна Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма правяла мерапрыемствы для валанцераў аграрна-тэхнічнага каледжа –этнаграфічную гульню “Побыт і культура беларусаў” і кінападарожжа “Рэдкі эстэт Мікалай Калінін”.
Пастаянна Пружанскую гарадскую бібліятэку наведваюць вучні сярэдняй школы № 5. Так, васьмікласнікі пазнаеміліся з бібліяграфічным аглядам “Пісьменнікі-франтавікі”, а шасцікласнікі паўдзельнічалі ў гульнявой праграме “Нясумнае лета”.
Мокраўская сельская бібліятэка запрасіла малодшых школьнікаў на краязнаўча-інтэлектуальную гульню “Мой горад, ты гасцінны і прыгожы”.
Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка зладзіў для рабят, якія адпачываюць у летнім аздараўленчым лагеры “Юны турыст”, літаратурнае падарожжа “Сяброўства – гэта каштоўны дар”.
Вясёлы адпачынак са шматлікімі конкурсамі, гульнямі, віктарынамі прапанаваў хлопчыкам і дзяўчынкам Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу.